Футбалісты „Энергетыка-БДУ” перамаглі „Слуцк”
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі праходзяць матчы 8-га тура. У першым з іх лідары першынства футбалісты „Слуцка” прымалі на сваім полі гасцей з менскага „Энергетыка-БДУ” і саступілі з лікам 1:2.
На старце гульні менчукі цалкам валодалі ініцыятывай і двойчы вымусілі супернікаў парушыць правілы ў сваёй штрафной плошчы, зарабіўшы два пенальці, якія рэалізаваў узбекскі форвард Джасурбек Яхшыбоеў. Прапусціўшы два мячы, паданачаленыя Віталя Паўлава зайгралі значна больш упэўнена, і незадоўга да перапынку Мухамед Бала скараціў разрыў у ліку да мінімуму. У другой палове сустрэчы гаспадары шмат атакавалі, але так і не здолелі выратаваць матч. Менскія „студэнты” падняліся на другое месца ў турнірнай табліцы, а Джасурбек Яхшыбоеў выйшаў у лідары бамбардзірскай гонкі, забіўшы 6 мячоў.
У іншым паядынку дня „Гарадзея” на хатняй арэне прымала „Мінск”. Каманды згулялі ўнічыю 1:1. У першым тайме супернікі абмяняліся галамі – на 20-й хвіліне Уладзімір Хвашчынскі вывеў менчукоў наперад, а яшчэ праз 24 хвіліны сербскі легіянер гаспадароў Лазар Саіч аднавіў раўнавагу. Пасля перапынку лік не змяніўся. Яшчэ два матчы адбудуцца сёння: мазырская „Славія” прыме „Тарпеда-БелАЗ”, а гарадзенскі „Нёман” згуляе з берасцейскім „Рухам”.
Віталь Паўлаў – лепшы трэнер футбольнага чэмпіянату Беларусі ў красавіку
Настаўнік футбольнага клуба „Слуцк” Віталь Паўлаў прызнаны лепшым трэнерам чэмпіянату Беларусі ў красавіку. У выніку традыцыйнага апытання вядучых СМІ, якое праводзіцца асацыяцыяй „Беларуская федэрацыя футбола”, Віталь Паўлаў атрымаў 43 балы. У сямі стартавых матчах 30-га нацыянальнага першынства яго падначаленыя набралі 16 ачкоў, і нечакана для многіх ўзначалілі турнірную табліцу.
Квіткі на фінал Кубка Беларусі па футболе паступілі ў продаж
У продаж паступілі квіткі на вырашальны паядынак розыгрышу Кубка Беларусі па футболе паміж барысаўскім БАТЭ і берасцейскім „Дынама”, які адбудзецца 24 траўня на полі менскага стадыёна „Дынама”. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй і рэкамендацыямі Мінспорту і Міністэрства аховы здароўя прадаюцца толькі 25% квіткоў з агульнай колькасці месцаў на трыбунах галоўнай арэны краіны, якая ўмяшчае 22 тысячы гледачоў. Рассаджванне на сектарах будзе ажыццяўляцца ў шахматным парадку на адлегласці, якая гарантуе камфортнае і бяспечнае знаходжанне гледачоў на стадыёне. Кошт квіткоў на фінальны матч кубкавага розыгрышу складае ад 4 да 8 рублёў у залежнасці ад месца на трыбунах.
Менск ў 2021 годзе прыме камандны чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы
Менск у 2021 годзе стане месцам правядзення Суперлігі, якая праводзіцца ў статусе каманднага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Еўрапейскай лёгкаатлетычнай федэрацыі. Прэстыжны турнір у сталіцы Беларусі запланаваны на 19-20 чэрвеня 2021 года. У спаборніцтвах прымуць удзел дзевяць лепшых еўрапейскіх лёгкаатлетычных зборных. На дарожкі стадыёна „Дынама”, акрамя гаспадароў, выйдуць спартоўцы з Польшчы, Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Італіі, Іспаніі, Украіны і Партугаліі.
НБА можа аднавіць сезон адразу з плэй-оф
Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя можа аднавіць перапынены з-за пандэміі сезон адразу з плэй-оф. НБА ацэньвае разнастайныя варыянты аднаўлення бягучага сезона. Калі аднаўленне розыгрышу не будзе затрымана, то ліга правядзе рэгулярны чэмпіянат да канца з усімі камандамі. У іншым выпадку ліга можа скараціць частку або ўсе астатнія гульні „рэгуляркі”, каб пачаць сезон адразу з плэй-оф. Таксама разглядаецца варыянт з раннімі серыямі плэй-оф да 3 перамог.
З 8 траўня клубам лігі дазволілі адкрыць трэніровачныя базы для правядзення індывідуальных трэніровак.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з VK-акаунт ФК „Энергетык-БДУ”