Вольга Емяльянчык: Асоба можа паўплываць на культурніцкую прастору цэлай краіны
Нават без дзяржаўнай падтрымкі можна рабіць шмат карысных і маштабных справаў у сваёй нацыянальнай культуры, – кажа кіраўніца вядомага полацкага фолк-гурта “Варган” Вольга Емяльянчык.
Сёння мы бачым, як асобныя этузіясты могуць паўплываць на культурніцкую прастору цэлай краіны, – адзначае даследчыца і папулярызатар нацыянальнай музычнай культуры.
– Ёсць, канешне, асобы, вельмі яскравыя, якія спрычыніліся да вяртання спадчыны, якая ўжо магла быць страчана. Гэта такія ўнікальныя людзі, як Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, якія пачалі актыўна адраджаць, рэканструяваць дударскую традыцыю на Беларусі. Алесь Лось адрадзіў лірніцкую традыцыю. Зараз гэта распаўсюджваецца. Мы бачым эфект, як асоба можа паўплываць на культурніцкую прастору цэлай краіны. Зараз ужо нікому не трэба даказваць, што дуда не шатландскі інструмент, гэта наш, беларускі.
Полацкі фальклорны гурт „Варган”, якім кіруе Вольга Емяльянчык, аб’яднаў людзей, зацікаўленых традыцыйнай культурай беларусаў. Прынцыповая пазіцыя ўдзельнікаў гурта – імкненне да пераняцця аўтэнтычнай, арыгінальнай манеры выканання.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбук Вольгі Емяльянчык