У Лідзе прайшлі суды над прыхільнікамі блогера Ціханоўскага



У Лідзе прайшлі затрыманні і суды над удзельнікамі акцыі ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага.

Фельчар хуткай дапамогі з Ліды Павел Палейчык затрыманы 7 мая і асуджаны на 7 сутак на наступны дзень. Павінен выйсці на волю 14 траўня, паведамляе spring96.org.

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў „несанкцыянаваным мерапрыемстве” — сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. На той сустрэчы Палейчык распавёў пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца медыкі падчас эпідэміі каронавіруса. Праблемы ў Палейчыка пачаліся яшчэ да гэтай сустрэчы: кіраўніцтву не спадабалася, што ён звярнуўся да валанцёраў з просьбай забяспечыць медыкаў рэспіратарамі.

Таксама 7 сутак прысудзілі жыхару Ліды Андрэю Паляковічу за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. Павінен выйсці на волю 15 траўня.

Вядома таксама, што асудзілі 7-суткавым арыштам яшчэ аднаго фельчара Алега Краўца. На волю павінен выйсці 15 траўня. На суткі адправілі і Максіма Палонскага. Пасля адбыцця 7-суткавага арышту на волю выйдзе 15 траўня.