„Кармленне галубоў” у Берасці скончылася затрыманнямі (абноўлена)



Па ўсёй верагоднасці пасля акцыі затрыманы праваабаронца „Вясны” Уладзімір Вялічкін, які вёў маніторынг збору грамадскасці ў цэнтры Берасця.

***

У Берасці працягваецца пераслед праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Па выніках нядзельнай акцыі стала вядома пра затрыманні чатырох асобаў, сярод якіх і праваабаронца Раман Кісляк. А ўвечары 9 траўня быў затрыманы грамадскі дзеяч Алег Вялаў, – адзначыў адзін з лідараў штотыднёвых сустрэч Зміцер Бекалюк:

– Канешне, махавік рэпрэсіяў пачаў раскручвацца вельмі сур’ёзна па той прычыне, што Берасце стала прыкладам для ўсёй Беларусі. Людзі абураныя пасадкай актывістаў. За апошнія пару дзён былі затрыманыя 5 чалавек.

Агулам акцыя цягнулася каля гадзіны. Па ацэнках некаторых удзельнікаў, на мерапрыемстве было да трох соцень чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

***

У Берасці прайшло чарговае «кармленне галубоў» – штонядзельная акцыя пратэсту супраць завода АКБ. Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, на акцыі «ў зорны момант» сабралася каля 300 чалавек. Некаторыя кіроўцы, якія ехалі міма, сігналілі.

«Кармленне галубоў» у Берасці 10 мая. Фота: Уладзімір Вялічкін

Не абышлося без правакацый: мужчына трымаў дзяржаўны сцяг і партрэт Лукашэнка, на якім напісана «Я/Мы Лукашэнка. Вызвалім патрыётаў Беларусі: Ціханоўскага, Пятрухіна» і пачаў гучна крычаць «Караеў, адпускай блогераў», а таксама зачытваць прысягу, якую даюць МУС. Калі адзін з гледачоў падыйшоў, каб зняць з яго партрэт з надпісам, той паспрабаваў распачаць бойку.

Фота: Уладзімір Вялічкін

Удзельнікі «кармлення галубоў» палічылі яго правакатарам і адышлі. Потым калона традыцыйна рушыла. Як паведамляе Уладзімір Вялічкін, калону суправаджала больш за два дзясяткі супрацоўнікаў Ленінскага РАУС і Абласнога УУС. А таксама было шмат міліцыянтаў, апранутых у цывільнае.

Таксама праваабаронца паведаміў пра аднаго затрыманага – Валерыя Фамінскага, сябра прафсаюза РЭП. Інфармацыя ўдакладняецца.

Сам жа праваабаронца Уладзімір Вялічкін пасля гэтага паведамлення стаў недаступны.

Акрамя гэтага, «Брестская газета» паведаміла, што адразу пасля акцыі АМАП затрымаў праваабаронцу Рамана Кісляка і мужчыну, якога большасць прысутных прынялі за правакатара. Па непацверджанай пакуль інфармацыі, затрыманы таксама яшчэ адзін удзельнік акцыі пратэсту.

Затрыманне Рамана Кісляка. Фота: TUT.BY

spring96.org

***

Прыкладна дзве сотні чалавек сёння, 10 траўня, выйшла на плошчу ў Берасці, нягледзячы на шматлікія затрыманні. Так яны выказваюць сваю нязгоду з будаўніцтвам акумулятарнага завода. Удзельнікі сустрэчы прайшліся па цэнтральных вуліцах горада, не абышлося без правакацый, – распавёў актывіст, спадар Зміцер:

– Кормяць галубоў, ціха абмяркоўваюць апошнія навіны. Новае – выйшаў нейкі чалавек з беларускім сцягам, махае ім. У яго на грудзях плакат Лукашэнкі, і ён піша «Я/мы, Лукашэнка – вызвалім Пятрухіна і Ціханоўскага». Ён сцвярджае, што Лукашэнка, напэўна, не ведае, што затрыманыя актывісты. Прапаноўвае іх вызваліць.

Пакуль пра новыя затрыманні ў часе акцыі не паведамлялася. Па традыцыі на масавым мерапрыемстве былі прадстаўнікі праваахоўных органаў і людзі ў цывільным.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце