Адзінага кандыдата ад апазіцыі не будзе
Заява кампаніі Праймерыз (Народнае галасаванне)
Аб’яднаная Грамадзянская партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Рух “За Свабоду”
Мы, удзельнікі працэдуры па вылучэнні адзінага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычных сіл:
Заяўляем, што аб’яўленне і правядзенне выбараў ва ўмовах разгару эпідэміі каранавіруса недапушчальна і злачынна. Відавочна, што прыняцце гэтага рашэння прадыктавана жаданнем выкарыстаць пандэмію як дадатковы інструмент далейшай ўзурпацыі ўлады і пазбаўлення беларусаў права выбіраць. Ужо сёння зразумела, што бяспечны для здароўя выбаршчыкаў збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў немагчымы.
Ацэньваем прызначэнне выбарчай кампаніі ў перыяд піку распаўсюду віруснай інфекцыі ў Беларусі, затрыманні і рэпрэсіі ў дачыненні да блогераў, журналістаў і актывістаў (Сяргея Ціханоўскага, Аляксандра Кабанава, Сяргея Пятрухіна, Уладзіміра Няронскага, Уладзіміра Цыгановіча (МоzgON), Алеся Буракова, Змітра Лупача, Міхаіла Аршынскага, Алеся Асіпцова, Таццяны Сівачэнка, Галіны Смірновай, Рамана Кісляка і іншых) як дэманстрацыю таго, што Лукашэнка збіраецца ўтрымліваць ўладу выключна гвалтам. Страціўшы падтрымку грамадзян, ён мае намер надалей кіраваць краінай выключна з дапамогай фальсіфікацый і рэпрэсій.
Лічым, што паўнавартасны ўдзел у выбарчай кампаніі ў гэтых умовах з’яўляецца немагчымым.
Выказваем падзяку ўсім грамадзянам Беларусі, якія прынялі актыўны ўдзел у працэдурах Праймерыз (Народнага галасавання), за падтрымку нашых намаганняў у вызначэнні адзінага кандыдата і фармаванні рэальнай альтэрнатывы дзеючаму рэжыму.
Прызнаем, што ў абставінах, якія склаліся, немагчыма рэалізаваць усе закладзеныя ў Праймерыз (Народным галасаванні) працэдуры і вызначыць адзінага кандыдата.
Заяўляем аб гатоўнасці працягваць супольную працу для перамен у Беларусі.
Для гэтага:
Абвяшчаем старт кампаніі “За Беларусь без дыктатуры!”
Плануем выкарыстанне легальных інструментаў выбарчай кампаніі ў перыяд збору подпісаў для мабілізацыі, аб’яднання і падтрымкі грамадзян Беларусі, якія прагнуць перамен;
Звяртаемся да грамадзян Беларусі і, перадусім, удзельнікаў кампаніі Праймерыз (Народнага галасавання) з заклікам падтрымаць правядзенне кампаніі “За Беларусь без дыктатуры!”
Усе мерапрыемствы ў рамках кампаніі (збор подпісаў, мітынгі, пікеты, сустрэчы) будуць адбывацца выключна з захаваннем правілаў бяспекі для грамадзян і актывістаў кампаніі ва ўмовах эпідэміі каранавіруса; Для рэалізацыі ўсіх прадастаўляемых падчас выбарчай кампаніі магчымасцяў, для арганізацыі легальных акцый пратэсту кандыдаты праймерыз Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў фармуюць супольную ініцыятыўную групу і пачынаюць кампанію, асноўныя мэты якой: адстаўка Лукашэнкі, сумленныя выбары і сістэмныя рэформы для новай Беларусі.
Разам з тым мы заклікаем дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў перанесці дату прэзідэнцкіх выбараў на больш позні перыяд (не раней за канец лістапада 2020 г.), бо ў часе выбарчай кампаніі, пакуль не скончыцца пандэмія, ніхто не можа гарантаваць бяспеку грамадзян.
_____ Старшыня БСДП – Ігар Барысаў Старшыня Руху “За Свабоду“ – Юрый Губарэвіч Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – Віталь Рымашэўскі в. а. Старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Мікалай Казлоў Незалежны кандыдат, Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – Вольга Кавалькова