У шпіталізаванага блогера Кабанава падазраюць каронавірус
У блогера Аляксандра Кабанава, які цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў Берасці, медыкі падазраюць каронавірус. Дзявятага траўня блогер адчуў недамаганне.
У яго паднялася тэмпература. Прыехала хуткая дапамога, і пасля агляду яго павезлі ў бальніцу, піша «Брэсцкая газета».
Паводле Аляксандра Кабанава, спачатку яго паклалі ў агульную палату, пазней перавялі ў асобную. Да абеду 10 мая пад дзвярыма дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў масках і ахоўных касцюмах, але, паводле слоў Аляксандра Кабанава, яны сышлі, калі завяршылася акцыя пратэсту ў Берасці. У нядзелю ў яго зноў узялі кроў на аналіз, зрабілі і мазок на каронавірус. Вынік тэсту будзе вядомы праз пяць-дзесяць дзён.