11 траўня – суды па ўсёй Віцебшчыне



Сёння практычна па ўсёй Віцебшчыне пройдуць суды над удзельнікамі сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Пра некаторых затрыманых вядома, што на іх складзены пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Некаторыя з тых, каго будуць судзіць сёння, 11-га траўня  – гэта  вядомыя апазіцыйныя актывісты. Прыкладам, гэта Аляксандр Іллінец, сябар Партыі БНФ з Віцебску, і Андрэй Зуеў, актывіст Народнай Грамады з Наваполацку. 29 красавіка, падчас сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім, ён выступіў з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі  і ягонага ўраду. 8 траўня спадара Зуева падпільнавалі проста каля дому, распавяла жонка актывіста Таццяна Зуева:

– Выйшаў па цыгарэты, вяртаўся дахаты, і ўзялі яго. Хапаюць самых моцных, самых смелых. Ён зрабіў канкрэтны зварот да Лукашэнкі і ягоных падначаленых, выказаў меркаванні мільёнаў людзей, якія баяцца гэта сказаць.

У Глыбокім будуць судзіць незалежнага журналіста Змітра Лупача, у Воршы – стваральніка тэлеграм-канала  «Орша для жизни» Аляксандра  Андрэева. Але большасць затрыманых за выказванні ў стрымах Сяргея Ціханоўскага – гэта простыя людзі, не заангажаваныя ў палітычныя ці грамадскія структуры. Сярод тых, на каго склалі пратаколы нібыта за ўдзел у масавых мерапрыемствах, і моладзь, і  людзі пенсійнага веку. Пра некаторых затрымных увогуле нічога не вядома, прыкладам, у Віцебску, дзе мае адбыцца адразу некалькі судоў. Журналісты просяць усіх землякоў адразу ж паведамляць,  калі  сярод затрыманых ёсць родныя ці знаёмыя. Гэта дапаможа арганізаваць для іх кансультацыі і дапамогу праваабаронцаў.

7 і 8 траўня  былі затрыманыя пад два дзясяткі неабыякавых людзей з Віцебска, Воршы, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, Полацкага  і Пастаўскага раёнаў. Суды над тымі, хто насмеліўся выступіць у відэаэфіры разам з Сяргеем Ціханоўскім, пройдуць сёння ў Воршы, Глыбокім, Полацку, Наваполацку, Віцебску.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск