Сёлета пілігрымка да Святой Гары Грабаркі пройдзе віртуальна



Сёлета віртуальны характар будзе мець пілігрымка праваслаўнай моладзі да Святой Гары Грабаркі – вырашылі арганізатары. У сувязі з пандэміяй каронавірусу сустрэча некалькіх соцень чалавек будзе заменена анлайн-трансляцыямі падзей, якія традыцыйна ўваходзяць у гэтую пілігрымку.

Сёлетняя агульнапольская пасхальная сустрэча маладых праваслаўных у Грабарцы – у самай галоўнай праваслаўнай святыні краіны, запланавана на 22-24 траўня. Яна заўсёды арганізуецца пасля Вялікадня, які адзначаўся ва Усходніх Цэрквах сёлета 19 красавіка.

Арганізатарам гэтай пілігрымкі з’яўляецца Братэрства праваслаўнай моладзі ў Польшчы (БПМ), заснаванае ў 1980 г. падчас пасхальнай пілігрымкі ў Грабарку. Паломніцтва па-ранейшаму застаецца адным з найважнейшых пунктаў круглагадовага календара БПМ. Кожны год у ім бярэ ўдзел некалькі сотняў чалавек, якія разам моляцца і абмяркоўваюць тэмы, важныя для маладых хрысціян.

У гэтым годзе традыцыйных сустрэч не будзе. Прычына – пандэмія каронавіруса і звязаныя з ім абмежаванні, у тым ліку арганізацыя сходаў.

Усе трансляцыі мерапрыемстваў запланаваны на 23 траўня, таму што пілігрымка будзе скарочана да аднаго дня. 

Беларускае Радыё Рацыя