Лукашэнка расказаў кіраўніку СААЗ пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі



Тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з генеральным дырэктарам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрасам Гебрэесусам адбылася 12 траўня. Яна была ініцыяваная кіраўніцтвам СААЗ, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя папрасіў расказаць пра сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі, а таксама пацікавіўся, якая патрабуецца падтрымка ад арганізацыі, заявіўшы пра гатоўнасць пры неабходнасці такую дапамогу аказаць.

Лукашэнка распавёў аб працы сістэмы аховы здароўя ў цэлым, абраных краінай стратэгіі і тактыцы ў супрацьдзеянні распаўсюджванню віруса. Ён акцэнтаваў увагу, што на сённяшні дзень непакой выклікаюць пнеўманіі, лячэнню якіх надаецца найбольшая ўвага. Галоўная задача, якую вызначылі для сябе ў Беларусі, — „змагацца за кожнае жыццё, ні ў якім разе не дапушчаючы скачка ўзроўню смяротнасці”.

„Кіраўнік СААЗ адзначыў, што кожная краіна ва ўмовах пандэміі выкарыстоўвае свае метады барацьбы, рэагавання на сітуацыю, адзіных рэцэптаў і правілаў тут не існуе. Гебрэесус падзякаваў Лукашэнку і органам улады краіны ў цэлым за глыбокую залучанасць у працэс, пра што ён добра дасведчаны”, — распавялі ў прэс-службе прэзідэнта.

Гаворка ішла і пра місію СААЗ, якая працавала ў Беларусі ў красавіку. Лукашэнка падзякаваў Тэдрасу Гебрэесусу за прыезд экспертаў. Кіраўнік СААЗ у сваю чаргу выказаў падзяку за прыём спецыялістаў і створаныя ўмовы для працы, выказаўшы намер і надалей падтрымліваць Беларусь.

Лукашэнка запрасіў кіраўніка СААЗ наведаць Беларусь. Гебрэесус прыняў запрашэнне, паабяцаўшы прыехаць у краіну пасля заканчэння пандэміі.

Варта зазначыць, што на мінулым тыдні Сусветная арганізацыя аховы здароўя выказала занепакоенасць рашэннем беларускіх уладаў правесці ваенны парад 9 мая ў Мінску. „Мы вельмі занепакоеныя магчымымі негатыўнымі наступствамі правядзення такога масавага мерапрыемства ў перыяд эпідэміі, — заявіў 4 мая ў каментары БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў. — Асаблівае хваляванне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэнне захворвання і высокі ўзровень смяротнасці ад COVID-19”.

Бердыклычаў нагадаў, што адна з рэкамендацый СААЗ па выніках красавіцкага візіту ў Беларусь місіі экспертаў — узмацненне мер фізічнага дыстанцыявання, у прыватнасці перанос або адмена масавых спартыўных, культурных, палітычных і рэлігійных мерапрыемстваў.

Нягледзячы на занепакоенасць СААЗ, парад у Менску адбыўся. Паводле звестак МУС, на парад прыйшлі больш за 15 тысяч гледачоў.

belapan.by