Канфлікт унутры кіруючай групоўкі?



Беларускі бізнес паказаў зубы. Ужо другі беларускі топ-бізнесовец выявіў жаданне паспаборнічаць за прэзідэнцкае крэсла з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі ў выпадку з былым дырэктарам Парка высокіх тэхналогій Валерыем Цапкалам у самастойную гульню верыцца з цяжкасцю (надта многае звязвае гэтага чалавека з кіруючымі элітамі, пра што сведчыць ягоная працоўная біяграфія), то зусім іншая вымалёўваецца карціна са старшынём праўлення “Белгазпрамбанку” Віктарам Бабарыкам. Гэты чалавек даўно вядомы сваім мецэнацтвам і дэмакратычнымі поглядамі. Дзякуючы Віктару Бабарыку ў беларускіх музеях ладзяцца выставы сусветна вядомых мастакоў-нараджэнцаў Беларусі. Ён жа спрычыніўся да выдання поўнага збору твораў нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч на беларускай мове, кнігі потым прапанавалі абласным і раённым бібліятэкам. У апошнія некалькі месяцаў Віктар Бабарыка даў некалькі змястоўных і вельмі рэзкіх інтэрв’ю, у якіх жорстка крытыкаваў эканамічны і палітычны курс цяперашніх уладаў. Інакш кажучы, усе ягоныя дзеянні — з шэрагу тых, якія вельмі раздражняюць кіраўніцтва краіны. Нездарма ў галоўнай прэзідэнцкай газеце, “Беларусі Сёння”, нядаўна выходзіў матэрыял, у якім атакаваўся Віктар Бабарыка і ягоная сям’я.

“Я не наіўны чалавек і выдатна разумею тыя межавыя ўмовы і правілы гульні, якія сфармаваны на гэтым полі ў Беларусі, а самае галоўнае — фінальную частку гэтай “дзеі”, якая была сфармуляваная яшчэ ў эпоху Сталіна: няважна, як галасуюць, важна, як лічым. Аднак, ведаючы ўсё гэта, я веру ў абмежаванасць любой неэфектыўнай сістэмы, — піша Віктар Бабарыка ў сваім акаўнце на Фэйсбуку. І дадае: “я вельмі баюся, што гэта апошні шанец хоць нейкіх выбараў у незалежнай Беларусі. І я палічыў для сябе недапушчальным і сараматным шкадаваць пра тое, што не паспрабаваў нешта змяніць, апраўдваючы сябе тым, што змяніць нельга нічога.” Папулярнасць гэтага допісу даводзіць толькі той факт, што за гадзіну з моманту размяшчэння заявы аб вылучэнні кандыдатуры ў падтрымку такога рашэння падпісалася амаль 2 тысячы чалавек. Для параўнання: пераможца анлайн-галасавання Мікалай Казлоў за некалькі дзён атрымаў падтрымку 1700 чалавек. Такім чынам, папулярнасць гэтага чалавека і пазнавальнасць у грамадстве — навідавоку. Калі блогера Сяргея Ціханоўскага і, дарэчы, таксама выхадца з бізнесу, які ў дадзены момант адбывае адміністрацыйны арышт, умоўна можна лічыць голасам “вуліцы” і людзей, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. То банкір Віктар Бабарыка — кандыдат ад часткі элітаў, у якіх, відавочна, наспела жаданне рэформаў.

Заява на ўдзел Віктара Бабарыкі — гэта сенсацыя без усялякага перабольшання. Пры ўсім жаданні вельмі цяжка ўявіць, што выхад чалавека такога маштабу ў вялікую палітыку нейкім чынам зрэжысаваны ўладамі. Падобныя гульні могуць выклікаць эфект даміно, калі сцэнар задуманай загадзя выбарчай гульні зламае амбіцыйны і хітры супернік. Больш верыцца ў тое, што ён, мог пайсці ў атаку, разумеючы, што над ім навіслі хмары небяспекі. Аднак найбольш верагодным варыянтам, хутчэй за ўсё, з’яўляецца раскол элітаў адносна поглядаў на далейшае развіццё краіны. Цягам чвэрці стагоддзя многія аналітыкі гаварылі пра тое, што канец беларускага аўтарытарызму адбудзецца не ў выніку электаральнай перамогі апазіцыі (такое пры цяперашнім выбарчым заканадаўстве і сістэме ўлады немагчыма), а ў рэзультаце канфлікта ўнутры кіруючай групоўкі. Вылучэнне Віктара Бабарыкі ў такім разе з’яўляецца рэхам змагання элітаў. Вельмі сумнеўна, што банкір не можа пралічыць наступствы сваіх дзеянняў хаця б на пару крокаў і не заручыўся падтрымкай сяго-таго з уплывовых людзей.

Аднак вылучэнне Бабарыкі не азначае таго, што Беларусь у бліжэйшы час чакаюць перамены. Людзям, якія ўсведамляюць неабходнасць структурных гаспадарчых рэформаў і выступаюць за дэмакратызацыю, супрацьстаіць моцная бюракратычная сістэма і разгалінаваны апарат сілавікоў. У гэты момант не заўважна, што ў дадзеных структурах маюцца прыкметы дэмаралізацыі. Адпаведна, любая, нават самая эфектыўная работа, можа завяршыцца тым самым, чым і ранейшыя спробы памяняць уладу ў Беларусі — разгромам, арыштамі і дэпрэсіяй на бліжэйшую пяцігодку. Акрамя гэтага, застаецца адкрытым пытанне пра збор подпісаў у разгар пандэміі каронавірусу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ