Першы танкер з саудаўскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Клайпеды



Танкер з нафтай для Беларусі ад кампаніі Saudi Aramco 12 траўня прыбыў у порт Клайпеды (Літва), паведаміў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.

„Танкер з 87 тысячамі тон нафты прыбыў уначы ў порт і раніцай пачаў разгрузку. Да 14 траўня будзе разгружацца, і з гэтай даты нафта па чыгунцы будзе адпраўляцца на „Нафтан”, — сказаў Цішчанка.

На пытанне, ці будзе Беларусь яшчэ купляць нафту ў Саудаўскай Аравіі, прадстаўнік „Белнафтахіма” адказаў: „Мы будзем у першую чаргу зыходзіць з прапаноў рынку. Тут не самамэта, а мэтазгоднасць”.

Наконт магчымай куплі нафты ў ЗША Цішчанка паведаміў, што „праца вядзецца”.

Беларусь купіла першую партыю нафты ў Саудаўскай Аравіі ў канцы красавіка. Пастаўшчыком выступае нацыянальная нафтавая кампанія Saudi Aramco.

Сёлета ў Беларусь была пастаўленая расейская, нарвежская і азербайджанская нафта праз парты Клайпеды і Адэсы. У красавіку ў краіну было пастаўлена прыблізна 2 млн тон нафты. Тры чвэрці — гэта расейскія пастаўкі трубаправодным і чыгуначным транспартам, астатняе — танкерныя пастаўкі.

З пачатку года расейскія кампаніі з „вялікай пяцёркі” („Раснефць”, „Лукойл”, „Газпром нефць”, „Сургутнефцегаз”, „Татнефць”) адмаўляліся пастаўляць у Беларусь нафту без прэміі. У Мінску настойвалі на яе адмене, бо расійская сыравіна і так падаражэла з-за падатковага манеўру ў РФ. Пасля трох месяцаў перамоў бакам удалося прыйсці да згоды.

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб неабходнасці дыверсіфікаваць крыніцы нафты, каб пазбегнуць залежнасці ад аднаго пастаўшчыка.