Польшча здымае чарговыя каранцінныя абмежаванні
Прэм’ер Матэуш Маравецкі і міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі на прэс-канферэнцыі паведамілі, што з 18 траўня могуць быць адкрыты цырульні і касметычныя салоны пры ўмове захавання неабходных санітарных нормаў.
Кліенты павінны запісвацца праз інтэрнет ці тэлефон, а ў цырульнях і салонах павінны пазбягаць чэргаў і трымаць сацыяльную дыстанцыю.
У гэты ж час „зялёнае святло” будзе дадзены гастранамічным установам, таксама з выкананнем мер засцярогі, – сказаў прэм’ер:
„Часткова адкрываем таксама гастранамічныя паслугі – рэстараны, бары, пункты грамадскага харчавання, кафэ, але з захаваннем санітарнага рэжыму ў памяшканнях, а таксама звонку. Мы нават просім уладальнікаў выстаўляць столікі на вуліцу, паколькі, як кажуць эпідэміёлагі, на свежым паветры значна бяспечней”, — сказаў Маравецкі.
З 18 траўня могуць аднавіцца заняткі ў тэхнікумах і прафшколах. Таксама будзе зніжаны ліміт у дачыненні да колькасці пасажыраў у грамадскім транспарце.
З 25 траўня ў школу змогуць вярнуцца вучні малодшых класаў (з 1-га па 3-і).
Вучні 8-х класаў і выпускнікі атрымаюць магчымасць асабістых кансультацый з настаўнікамі, каб падрыхтавацца да іспытаў. З 1 чэрвеня кансультацыі будуць даступныя для ўсіх школьнікаў.
Строгі каранцін і абавязковае нашэнне масак ў Польшчы было ўведзена ў сярэдзіне сакавіка.
Па стане на 13 траўня ў краіне 17 062 выпадкі каронавіруса (памерлі 847 чалавек). Колькасць выпадкаў захворвання на 1 мільён складае 451 чалавек, у той жа час у Беларусі 2733 на 1 мільён.