Канстанцін Рэўцкі: Я не веру, што з расейскім кіраўніцтвам можна пра нешта дамовіцца



Штаб Антытэрарыстычнай аперацыі паведамляў 11 лютага пра наступы і абстрэлы гарадоў на ўсёй лініі фронту на Луганшчыне. Дэбальцава застаецца па-ранейшаму найбольш гарачай кропкай канфлікту на Данбасе. Паводле прэсавага сакратара штабу Антытэрарыстычнай аперацыі Андрэя Лысенкі прарасейскія баевікі 11 лютага больш за 10 разоў абстрэльвалі пазіцыі украінскіх вайскоўцаў у горадзе і двойчы намагаліся штурмаваць украінскія пазіцыі.

“Актыўныя дзеянні ў ваколіцах Дэбальцава спынілі эвакуацыю мірных жыхароў з гэтага гораду”, – кажа праваабаронца і грамадскі актывіст з Луганску – Канстанцін Рэўцкі 10967734_10204051431422895_2011132415_n

Канстанцін Рэўцкі: Яшчэ шмат людзей застаецца на лініі фронту. На жаль, эвакуацыя пачалася позна. Дзяржава вельмі доўга не прызнавала патрэбу эвакуацыі і недастаткова намаганняў прыклала для таго, каб вывезці людзей. Зараз Дэбальцава амаль ў атачэнні. Траса, якая аб’ядноўвае Дэбальцава з Арцем’еўскам перастала быць бяспечнай – прастрэльваецца баевікамі. І вывозіць людзей проста небяспечна. У эвакуацыі людзей прымаюць удзел грамадскія ініцыятывы.

 Працягваюцца спробы наступу на ўкраінскія пазіцыі па ўсёй лініі фронту. Але найскладанейшая сітуацыя ў наваколлі Дэбальцава.

 РР: Шмат хто гаворыць, што гэты наступ звязаны з тым, што магчыма ў Менску зафіксуюць нейкую лінію, па якой пройдзе лінія гэтых дамоўленасцяў. Наколькі гэта верагодна? Ці самі жыхары Луганшчыны вераць, што ў Менску атрымаецца пра нешта дамовіцца?

 Канстанцін Рэўцкі: Я асабіста ў гэта не веру. Я не веру, што з цяперашнім расейскім кіраўніцтвам можна пра нешта дамовіцца. Гэта людзі, якія наогул не прызнаюць этыку, дамоўленасці, права. Яны дзейнічаюць сітуацыйна. Для іх важна толькі так званае “права сілы”.

 РР: Вы закранулі працу валанцёраў. Наколькі хапае валанцёраў? Наколькі гэтая прыватная ініцыятыва пашыраная на Луганшчыне? Ці дастаткова медыкаментаў і цёплых рэчаў для людзей, якія вымушаныя перасяляцца, уцякаць?

 Канстанцін Рэўцкі: З аднаго боку валанцёры за ўвесь гэты перыяд зрабілі немагчымае – сабралі і размеркавалі паміж тымі, хто гэтага патрабуе, сродкі якія можна параўнаць з бюджэтамі профільных міністэрстаў. Але з іншага боку іх намаганняў зусім недастаткова, бо не хапае людзей, не хапае транспарту. Але зараз валанцёры застаюцца асноўнай рухаючай сілай, якая дапамагае людзям – перасяленцам, ахвярам канфлікту, людзям, якія жывуць у прыфрантавых тэрыторыях.

 РР: Ці маеце магчымасць перадаваць у Кіеў інфармацыю пра тое, што дзяржава не заўсёды дастаткова дапамагае.

 Канстанцін Рэўцкі: Мы ўвесь час уносім ў публічны дыскурс і перадаем асабіста кіраўнікам міністэрстваў і ведамстваў інфармацыю, але, на жаль, можна канстатаваць, што сістэма амаль не змянілася. На сваіх пасадах застаецца працаваць вялізная армія чыноўнікаў, якія могуць функцыянаваць толькі ў межах старой сістэме адносінаў. Яны не скіраваныя забяспечваць дапамогу людзям, яны настроеныя выконваць распараджэнні сваіх кіраўнікоў. На жаль, кіраўнікі таксама не вельмі змяніліся. Сістэма вельмі моцна прабуксоўвае і не функцыянуе належным чынам, але мы робім усё магчымае дзеля таго, каб праблемы, прынамсі, агучваць, і атрымліваецца сітуацыю крыху зрушыць з месца.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя