25 гадоў таму ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны рэферэндум



У ліку найбольш змрочных падзей найноўшай гісторыі Беларусі стаіць рэферэндум, які адбыўся роўна 25 гадоў таму. 14 траўня 1995 года антыканстытуцыйны рэферэндум змяніў дзяржаўную сімволіку, надаў расейскай мове статус дзяржаўнай, зрабіў змены ў Канстытуцыю, надаўшы права прэзідэнту распускаць парламант, пастанавіў пра эканамічную інтаграцыю з Расеяй.

Напомнім, што перад гэтым у ноч на 12 красавіка 1995 г на загад выканаўчай улады ў беларускім парламанце былі жорстка збітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазіцыі, якія напярэдадні абвесцілі галадоўку супраць антыканстытуцыйных захадаў прэзідэнта.

Рэферэндум 14 траўня 1995 года па-сутнасці завяршыў антыканстытуцыйны пераварот, які адбыўся ў краіне.

Пра нелегітымны характар вынікаў рэферэндуму распавёў колішні ўдзельнік тых падзей, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Лявон Баршчэўскі:

– Гэта быў неканстытуцыйны рэферэндум, я не гавару пра акалічнасці яго прызначэння, бо гэта было гвалтам зроблена пасля збіцця дэпутатаў. Як толькі ў краіне з’явіцца незалежны Канстытуцыйны суд, ён канешне прызнае гэты рэферэндум юрыдычна нікчэмным. Нельга было прызначаць рэферэндум, самі пытанні не адпавядалі Канстытуцыі.

Паводле афіцыйных звестак у спісы грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме, было ўключана 7.445.820 чалавек, бюлетэні для галасавання атрымалі 4.830.582 чалавекі (64,8 %), у галасаванні ўзялі ўдзел 4.823.482 чалавекі.

За ўхваленне пытання «Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?» выказаліся 4.017.273 чалавекі (88,3 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання або 53,9 % ад колькасці ўсіх, хто мае права голасу), супраць — 613.516 чалавек (12,7 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 192.693 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

За ўхваленне пытання «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» выказаліся 3.622.851 чалавек (75,1 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 988.839 чалавек (20,5 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 211.792 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

За ўхваленне пытання «Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?» выказаліся 4.020.001 чалавек (83,3 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 602.144 чалавек (12,5 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 201.337 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

За ўхваленне пытання «Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?» выказаліся 3.749.266 чалавек (77,7 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 857.485 чалавек (17,8 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 216.731 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

Пасля незаконнага рэферэндуму ўлада нават не спрабавала выканаць па некаторых пытаннях рэферэндуму фармальныя заканадаўчыя патрабаванні. Так, новая дзяржаўная сімволіка, падтрыманая на рэферэндуме, патрабавала зацвярджэння Вярхоўным Саветам, але бел-чырвона-белы быў спушчаны з будынку адміністрацыі прэзідэнта ўжо 16 траўня, яшчэ да абвяшчэння Цэнтрвыбаркамам афіцыйных вынікаў. Пры гэтым асобы на чале з начальнікам Кіраўніцтва справаў Прэзідэнта Іванам Ціцянковым падралі сцяг на кавалкі

Беларускае Радыё Рацыя