Пра агаворкі па Фрэйду
Памятаеце хрэстаматыйны прыклад агаворак: «Прашу лічыць нашае пасяджэнне закрытым», – сказаў на адкрыцці сустрэчы кіраўнік, які вельмі не хацеў яго праводзіць. BBC неяк узгадвала агаворку Буша-старэйшага, калі той падчас працоўнага візіту сказаў: «У нас былі перамогі. Былі і памылкі – звычайны недахоп сэксу гаспадарчай… то бок сельскагаспадарчай палітыкі». А вось газета «СБ. Беларусь сёння» дапусціла нядаўна «адрукоўку», размясціўшы навіну, што назіральнікі будуць мець дасяг да «чорных спісаў выбарцаў». Першапачаткова паведамленне гучала так: «У назіральнікаў пры датэрміновым галасаванні і ў дзень выбараў, як і раней, застанецца дасяг да інфармацыі пра колькасць выбарцаў, чорных спісаў выбарцаў, пра колькасць выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні». Потым, што праўда, гэтыя чорныя спісы выбарцаў зніклі, замест іх застаўся толькі прабел у тэксце. І публікацыя па выніку займела нейтральны характар. Маўляў: у назіральнікаў пры датэрміновым галасаванні і ў дзень выбараў, як і раней, застанецца дасяг да інфармацыі пра колькасць выбарцаў, пра колькасць выбарцаў, якія паўдзельнічалі ў галасаванні».
Інфармацыя з’явілася пасля пасяджэння ЦВК. Аднак сама Лідзія Ярмошына здзівілася, што гэта за чорныя спісы. Карацей, хто агаварыўся, невядома. Але як лічыў дзядуля Фрэйд, хоць яго і крытыкуюць вельмі, «бессэнсоўныя памылковыя дзеянні служаць для рэалізацыі бессвядомых жаданняў».