Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне – да 1 чэрвеня



Да 1 чэрвеня ў Беларусі трывае рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне. Сёлета, з-за каронавірусу, дакументы прымаюцца анлайн праз сайт Рэспубліканскага інстытута кантроля ведаў. Працуюць і стацыянарныя пункты, але іх наведванне трэба загадзя ўзгадніць.

Па выніку анлайн-рэгістрацыі, перад ЦТ, абітурыент павінен забраць допуск на іспыт, – нагадвае чалец камісіі па назіранні за тэставаннем Ганна Канановіч:

– Калі яны атрымліваюць адказ ад установы адукацыі, дзе яны збіраюцца здаваць тэставанне, аплочваюць рэгістрацыйны ўнёсак для ўдзелу ў тэставанні. Абітурыенту трэба абавязкова прыйсці ў пункт рэгістрацыі для таго, каб забраць пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні. У выпадку, калі абітурыент пропуск не забірае, ён не будзе дапушчаны да ўдзелу ў ЦТ.

Першае цэнтралізаванае тэставанне абітурыенты сёлета будуць здаваць 13 чэрвеня – гэта беларуская мова. Апошнім будзе іспыт па сусветнай гісторыі – 4 ліпеня. Таксама ў ліпені прадугледжаны 3 дадатковыя дні для тых, хто з-за сур’ёзных чыннікаў не змог трапіць на ЦТ у асноўны дзень.

Беларускае Радыё Рацыя