Каронавірус паступова здае пазіцыі ў Падляшскім рэгіёне



Каронавірус паступова здае пазіцыі ў Падляшскім рэгіёне. Тым не менш, надалей пацвярджаюцца адзінкавыя новыя выпадкі заражэння. Лідарамі па каронавірусу ў рэгіёне з’яўляюцца Бельскі і Беластоцкі паветы, дзе 136 і 106 выпадкаў адпаведна. 

Падрабязней – Яна Запольская:

– У нядзелю, 17 траўня, у Падляшскім ваяводстве пацверджаны новы выпадак заражэння каронавірусам. Паведамляецца, што на Covid-19 захварэў мужчына сярэдняга ўзросту з Беластоку, якога шпіталізавалі ва Універсітэцкай клінічнай бальніцы. Такім чынам, агульная колькасць выяўленых выпадкаў на Падляшшы з пачатку эпідэміі склала 388 чалавек. Аднак важна ведаць, што з іх толькі 62 чалавекі хварэюць на сённяшні дзень, астатнія ўжо выздаравелі, але восем чалавек – памерлі. Ад заўтра Польшча ўступае ў новы этап “размарожвання гаспадаркі”. У санітарным рэжыме запрацуюць цырульні, касметычныя салоны, бары і рэстараны, стане больш магчымасцяў займацца спортам. Тым ня менш, захоўваецца абавязак сацыяльнай дыстанцыі ў два метры і закрывання носу і роту ў публічных месцах і транспарце. У той жа час у Беластоку ўсё часцей можна заўважыць людзей, якія ня маюць на твары масак, а пры гэтым знаходзяцца ў даволі людных месцах. Заўважна і менш супрацоўнікаў праваахоўных органаў на вуліцах у параўнанні з пачаткам эпідэміі. Пры гэтым па словах спецыялістаў, менавіта захаванне ўсіх санітарных нормаў не дазволіць эпідэміі разгарнуцца з новай сілай.

Беларускае Радыё Рацыя