Крынiца: абаронца „Менска” Яўген Чагавец заразіўся каронавірусам
Украінскі абаронца „Менска” Яўген Чагавец заразіўся каронавірусам. Пра станоўчы тэст футбаліста на COVID-19 паведамляе by.tribuna.com. Чагавец у сезоне-2020 правёў у складзе „гараджан” сем матчаў вышэйшай лігі, у якіх адзначыўся голам.
Старшыня ФК „Менск” Ігар Шлойда распавёў, што тэсты Чагаўца яшчэ не гатовыя. Верагодна, вынік з’явіцца ўвечары. У дадзены момант каманда на каранціне.
У „Іслачы” выяўлены выпадак заражэння футбаліста каронавірусам. Пра гэта паведамляе metaratings.by. У клубе пацвердзіць гэтую інфармацыю не ўдалося. Гэтая ж крыніца паведамляе, што падазрэнні на COVID-19 ёсць у „Энергетыку”-БДУ. Аднак карэспандэнту pressball.by у клубе гэтую інфармацыю абверглі.
Беларускі гандбаліст Іван Броўка завяршае кар’еру
Вядомы беларускі гандбаліст Іван Броўка вырашыў завяршыць гульнявую кар’еру, але працягне працу ў менскім СКА. З наступнага сезона Іван Броўка, якому нядаўна споўнілася 40 гадоў, будзе працаваць з маладымі гандбалістамі і зойме пасаду начальніка каманды БДУФК-СКА. Броўка пачаў прафесійную кар’еру ў 1997 годзе ў СКА. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі Іван Броўка правёў 207 матчаў, закінуўшы 607 галоў, што з’яўляецца другім паказчыкам у гісторыі беларускага гандбола.
Першыя паядынкі плэй-оф пройдуць на чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
На чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе сёння адбудуцца першыя паядынкі стартавага этапу плэй-оф. Два матчы 1/8 фіналу пройдуць у Менску. У першым спартоўцы ФК „Менск” сустрэнуцца са светлагорскім ЦКК. У чэмпіянаце гэтыя каманды абмяняліся перамогамі. Сталічнае „Дынама-БНТУ” сустрэнецца з гасцямі з „Барысава-900”. У гэтым сезоне барысаўчане двойчы перамагалі дынамаўцаў. У Гародні мясцовае „УУС-Дынама” будзе супернічаць з „Аховай-Дынама” з Менска. У дзвюх сустрэчах цяперашняга першынства менчукі былі мацнейшыя. Яшчэ ў адным матчы аўтсайдар рэгулярнага чэмпіянату „Шчучын” пазмагаецца з менскім „Дарожнікам”, якому да гэтага двойчы прайграў.
Андрэй Арлоўскі аднагалосным рашэннем суддзяў выйграў у Філіпэ Лінса
У ноч з 13 на 14 траўня ў Джэксанвілі (Фларыда) адбыўся турнір UFC Fight Night 171. У галоўным паядынку папярэдняга Карда беларускі баец Андрэй Арлоўскі сустракаўся з бразільцам Філіпэ Лінсам. Перамог аднагалосным рашэннем суддзяў 41-гадовы беларус.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: fcminsk.by