Менск: дынаміка выяўлення захварэўшых на COVID-19 не змяншаецца



Па колькасці захварэўшых Беларусь пераўзыходзіць суседнія Польшу і Украіну у сярэднім на 8 000 чалавек. Прырост выяўленых хворых у краіне складае амаль 1 000 чалавек на дзень.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– Пасля параду Перамогі прайшло 5 дзён, але афіцыйная дынаміка выяўлення захварэўшых на COVID-19 не змяншаецца. Хворымі на каронавірус застаюцца 18 604 чалавекі. Роўна столькі, на колькі было разлічана месцаў у лякарнях Беларусі на пачатку траўня.

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае сённяшнюю інфармацыю пра тое, што ў вайскоўцаў ганаровай варты – удзельнікаў парада 9 траўня, выяўлены каронавірус.

Міністэрства адукацыі так і не адмовілася ад арганізацыі летніх прышкольных летнікаў з кругласуткавым знаходжаннем дзяцей. Школьныя летнікі  пачнуць працу з 1 чэрвеня.

Другі пакет мер падтрымкі ад Ураду Беларусі будзе арыентаваны канкрэтна на дапамогу грамадзянам, чые заробк знізіліся за апошні месяц.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск