Затрымалі проста ў форме фельдшара хуткай дапамогі
З Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Лідзе выйшлі на волю першыя тры арыштаваныя ўдзельнікі стрыму блогера Сяргея Ціханоўскага, які праходзіў 22 красавіка. Адным з першых быў арыштаваны і асуджаны на 7 сутак арышту фельдшар станцыі хуткай дапамогі ў Лідзе – Павел Палейчык.
Медык прыйшоў на сустрэчу з блогерам, каб падзяліцца рэальным становішчам справаў у сябе на працы ў часе пандэміі каронавірусу. Праз два тыдні ён быў арыштаваны папросту пасля чарговай змены працы ў хуткай медычнай дапамозе. Па словах Паўла, арышт для яго быў нечаканасцю:
– Патэлефанавалі, сказалі прыбыць у РАУС быццам для дачы тлумачэнняў. Я з працы прыйшоў і ўсё – адтуль ужо не выйшаў. Тлумачэнні ўзялі, і мне сказалі, той, які пісаў пратакол, што начальнік сказаў, каб я заставаўся адразу на суткі. Я крыху разгубіўся, калі забралі шнуркі і сказалі – на суткі. Вось гэтага я не чакаў. Я быў у форме хуткай, тады ў супрваджэнні я пайшоў на працу пераапрануцца і ў гэты час патэлефанаваў жонцы, што мяне забіраюць на суткі.
Тым часам, акурат у гэтыя гадзіны ў Лідзе павінен выйсці на волю яшчэ адзін медык – Алег Краўцоў. Ён быў затрыманы папросту падчас суда над Паўлам Палейчыкам, калі прыйшоў туды падтрымаць свайго калегу. Беларускія праваабаронцы накіравалі скаргі ў ААН і Сусветную арганізацыю аховы здароўя па факце арышту медыкаў у Беларусі падчас пандэміі каронавірусу.
Беларускае Радыё Рацыя