У Воршы – яшчэ адзін штраф за сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім



20 базавых велічынь штрафу (540 рублёў) суд Воршы і Аршанскага раёну прысудзіў Дзмітрыю Рышкевічу. Спадара Рышкевіча затрымалі яшчэ ўчора, калі ён быў на лецішчы. Але дахаты не адпусцілі, і ў ізалятар часовага ўтрымання не адвезлі: мінулую ноч ён мусіў правесці ў пастарунку горада Барань, прычым ніякіх дакументаў пра знаходжанне ў міліцыі на рукі не далі.

У судзе Дзмітрыя Рышкевіча прызналі ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі – за тое, што 18 сакавіка ён прыйшоў на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Свой учынак ён правапарушэннем не лічыць:

– Ну што: два пытанні задаў, на два Сярога адказаў, за гэта і далі 20 базавых. За 18 сакавіка 2020-га года, у той дзень да нас “Страна для жизни” прыязджала . 20 базавых. А што зробіш! 

Праваабаронцы дапамогуць Дзмітрыю Рышкевічу аспрэчыць пастанову Аршанскага суда. На працягу гэтага тыдня ў Воршы асудзілі яшчэ траіх удзельнікаў сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім:  Аляксандру Андрэеву і Іллі Новікаву прысудзілі па 10 сутак арышту, Алене Мірашнічэнка – 25 базавых велічынь штрафу.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск