Вялікі географ з поўначы Беларусі



Выдатны натураліст, даследнік Сібіры, геолаг і географ Іван Чэрскі нарадзіўся 15 траўня 1845 года ў фальварку Свольна Дрысенскага павету (цяперашні Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць). Расейская і польская гістарыяграфія традыцыйна запісвае ўсіх удзельнікаў вызвольнага чыну 1863 года ў палякі. А ўсіх выдатных падарожнікаў у “рускія” ці “палякі па нацыянальнасці”. Аднак, гэта часта не адпавядае рэчаіснасці і гістарычнай праўдзе. Так, Іван Чэрскі не напісаў па-польску аніводнай працы і ўвогуле ніколі не быў у Польшчы. Вось што пісаў ён з Іркуцку на радзіму ў лісце да сястры Міхаліны: “Я тут ужо абрусеў і стаў забывацца роднай беларускай мовы”. Адзін гэты факт выразна сведчыць пра нацыянальную прыналежнасць нашага героя.

Яшчэ хлопчыкам  Іван атрымаў выдатную хатнюю адукацыю, вывучыў некалькі замежных моваў. З 1860-га Чэрскі быў студэнтам Віленскага дваранскага інстытуту. За ўдзел у паўстанні пазбаўлены дваранства, грамадзянскіх правоў, маёнтку, здадзены ў салдаты і высланы ў Сібір. Яшчэ на этапе сышоўся з украінскім геолагам Аляксандрам Чаканоўскім, які паўплываў на яго светагляд. Высылку адбываў у Омску, пры першай магчымасці заняўся навукай. У 1869 годзе ў звязку з хваробай сэрца вызвалены ад вайсковай службы і пераведзены на вольнае пасяленне, але ажно да 1883-га года – палітычны ссыльны. У 1871 годзе запрошаны Сібірскім аддзелам імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства ў Іркуцк, дзе працаваў пад кіраўніцтвам таго ж Чаканоўскага.

Пасля амністыі Чэрскі з жонкай і сынам у 1885 годзе па запрашэнні Санкт-Пецярбургскай Акадэміі Навук пераехаў у Пецярбург, дзе абагульніў геолага-геаграфічныя веды па Сібіры. У 1891 годзе Іван Чэрскі ўзначаліў экспедыцыю ў раён рэк Калыма і Індыгірка. Адчуваючы сябе блага, ён аднак кіраваў экспедыцыяй, вёў запісы, дыктаваў жонцы і сыну свае назіранні. Прасіў іх абавязкова скончыць экспедыцыю і ўсе калекцыі і запісы перадаць у Пецярбург. Памёр у нізоўях Калымы, каля вусця ракі Амалон.

Маўра і Іван Чэрскія, 1891 год

Найбольшых дасягненняў Чэрскі дабіўся ў галіне геалогіі і геаграфіі. Значны след пакінуў у заалогіі, анатоміі, археалогіі, метэаралогіі. Адкрыў многа розных геаграфічных аб’ектаў, першым знайшоў і даследаваў палеалітычную стаянку ў Сібіры, сабраў і апісаў шэраг сучасных і выкапнёвых жывёл. Праводзіў геалагічныя і палеанталагічныя даследаванні ў Саянах, Прыбайкаллі, у басейне Ангары і Ніжняй Тунгускі, склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа возера Байкал, даследаваў басейн ракі Селенга (Бурація). Быў узнагароджаны Рускім геаграфічным таварыствам малым срэбным і малым залатым медалямі, залатым медалём імя Фёдара Літке. Выказаў ідэю эвалюцыйнага развіцця рэльефу.

Ля паселішча Калымскае ў 1943 годзе Івану Чэрскаму быў пастаўлены помнік. Яго імя носяць працяглая (больш за 1500 км) горная сістэма паміж рэкамі Калыма і Яна ў Якуціі і Магаданскай вобласці, горны хрыбет у Забайкаллі, пасёлак на рацэ Калыма ў Якуціі, найвышэйшая (2763 м) вяршыня Байкальскага хрыбта, адзін з вулканаў Тункінскай упадзіны на Усходнім Саяне і іншыя геаграфічныя аб’екты. У в. Валынцы адкрыты музей Чэрскага. У Свольне, на месцы фальварка, Беларускае геаграфічнае таварыства паставіла помнік – вялікі валун. Імя Івана Чэрскага носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

У 1995 годзе Белпошта выпусціла марку ў гонар Івана Чэрскага.

Беларускае Радыё Рацыя