Да Міжнароднага дня музеяў



Набліжаецца Міжнародны дзень музеяў, да якога я распавяду яшчэ адну гісторыю з жыцця Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. 1993 год. Вырашылі ў музеі адзначыць Каляды на ўзор тых, што адзначала беларуская інтэлігенцыя напачатку 20-га стагоддзя. З Батлейкай, народнай музыкай, Алесь Бяляцкі сказаў, што запросім не толькі музейных супрацоўнікаў з сем’ямі, але і „сяброў музея”. „Сябры музея” – гэта журналісты, бізнесоўцы, мастакі, літаратары блізкія да музея.

Зрабілі запрашальнікі, за ўзор узялі калядную паштоўку пачатку 20-га стагоддзя – дзяўчынка трымае маленькую ялінку, далей тэкст запрашэння з імёнамі і тэкст: „Прыехала Каляда ўвечары, прывезла пірагі ў рэшаце”. Звярсталі і раздруквалі запрашальнікі ў рэдакцыі газеты „Свабода”. якая выехала ўжо з музея і была на вуліцы Іванаўская.

Запрашальнікі раздалі і пачалі рыхтавацца.

І застаецца пару дзён да Калядаў. Я дзяжурная, а гэта значыць, што прыходжу на працу да 9 раніцы, а не да 10-ці, адпускаю вартаўніка, адчыняю экспазіцыю і пасля пачынаю адчыняць дзверы астатнім супрацоўнікам.

Музей адчыняецца для наведвальнікаў а 10 раніцы. Халодная раніца. І нашы наглядчыцы – а гэта Ірына Паўлаўна (з выдатным веданнем польскай мовы) і Мая Антонаўна (з веданнем мовы глухіх) – гэта я да таго, што вельмі разумныя і добрыя і з досведам, кажуць, што мерзнуць у двары дзеці з настаўніцай. Прыехалі з вёскі. Экскурсія без запісу.

А на дварэ сапраўдная завіруха і вецер. Адчынілі музей, запусцілі дзяцей. Экскурсію я пачала раней хвілін за дваццаць да 10. Дзеці былі спакойныя, пахла ад іх вясковай хатай і печкай.

І ў першай зале пад назва „У зачараваным царстве” толькі мы падыйшлі да стэнда з рушніком, які вышывала маці паэта Марыя Апанасаўна, як дзверы рыпнулі, і ў замкнёнай экспазіцыйнай прасторы з’явіўся новы водар – не таннага мужчынскага парфуму. Зрабілася непамысна, бо гэта ўсё яшчэ да адкрыцця музея і наведнікаў быць не можа.

Чалавек быў у мяне за спіной, я не магла зразумець: хто гэта. Круціцца і паварочвацца не магла падчас экскурсіі. Так мы дайшлі да другой залы „Старая Беларусь”. І тут раздаўся голас: „Усё у мяне больш няма часу. Я прывёз вам на Каляды…” Гэта быў бізнесовец Алесь Гуркоў. І ён прывёз на Каляды тры мяхі цукерак. Вельмі шмат. Іх раздавалі пасля дзецям, якія добра чыталі вершы на конкурсе.

І госці прыйшлі на Каляды – супрацоўнікі газеты „Свабода” з рэдактарам Ігарам Герменчуком, Адам Глобус.

І Батлейка была, паказваў яе навуковы супрацоўнік музея Мікола Трус. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ