Менск: Перахварэўшых на COVID-19 заклікаюць да донарства плазмы
Колькасць выяўленых захварэўшых на каронавірус за дзень склала 963 чалавекі. Гэта на 4 чалавекі менш, чым было зафіксавана падчас «піку» 29 красавіка.
Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
– Менчукі, якія перахварэлі на COVID-19, дапамогуць у лячэнні астатніх інфікаваных. З гэтай мэтай жыхароў сталіцы, якія перахварэлі інфекцыяй, просяць прыняць удзел у донарстве плазмы ў гарадскім Цэнтры трансфузіялогіі і медычных біятэхналогій.
Медыкі разлічваюць на тое, што каля 70 адсоткаў насельніцтва як у Менску ды Беларусі, так і ў свеце перахварэе на COVID-19 у бессімптомнай форме.
З 20 траўня стаўка рэфінансавання ў Беларусі складзе 8 %. Урад спадзяецца на «асцярожны рост» беларускай эканомікі ў другім паўгоддзі. Пакуль відавочна адно, што адмова ад каранціну і рост крэдытнай запазычанасці не змаглі забяспечыць росту эканомікі.
Напярэдадні 100-годдзя святога Яна Паўла ІІ менскія касцёлы рыхтуюцца да святочных мерапрыемстваў з нагоды падзеі, але пры ўзмоцненых санітарных мерах унутры храмаў.
Беларускае Радыё Рацыя