Сяргей Высоцкі: Гэтыя выбары самыя сур’ёзныя для лёсу беларускай дзяржавы



Новая выбарчая сітуацыя ў Беларусі не мае паўтораў з папярэднімі. Зрэшты, адзін суб’ект выбарчай прэзідэнцкай кампаніі застаецца нязменным. Абставіны агарнулі беларускі народ шэрагам небяспечных чыннікаў, перадусім – пагроза дзяржаўнай незалежнасці краіны.

Наш карэспандэнт гутарыць з госцем „Рацыі” Сяргеем Высоцкім, старшынём Беларускай партыі Свабоды – Самаабароны.

РР: Пачалася выбарчая кампанія, з’явіліся традыцыйныя асобы, спарынг-партнёры для Лукашэнкі. Ці  бачыце Вы ў гэтым нейкі паўтор, ці ёсць нейкая асаблівасць гэтага перадвыбарчага перыяду для асобы дыктатара, а таксама для беларускага грамадства?

– Насамрэч гэтыя выбары я лічу выключнымі і больш сур’ёзнымі для лёсу беларускай дзяржавы, чым, напрыклад, нават папярэднія выбары, чым выбары 2010 года. І ў сувязі з тымі праблемамі, якія зараз атачылі Беларусь, не толькі Беларусь, і ўвесь свет, але Беларусь вельмі моцна, я маю на ўвазе праблемы і з каронавірусам, і з глабальным сусветным эканамічным крызісам, які надыходзіць, і, безумоўна, з тэмай шантажу Расеі, пагрозай аншлюсу, пастаяннымі ўльтыматумамі ў бок беларускага кіраўніцтва. Трэба сказаць, што Беларусь, на жаль, блізкая да сітуацыі ідэальнага шторму, бо кола праблемаў і пагрозаў сціскаецца. І відавочна, што гэта павінна стаць галоўнай прызмай. Галоўная праблема – усё ж не каронавірус, а расейскі імперыялізм для лёсу беларускай дзяржаўнасці. І з гэтага трэба пачынаць аналіз нашай цяперашняй палітычнай сітуацыі.

Дзеянні ўладаў зразумелыя, у такой сітуацыі Аляксандр Лукашэнка абірае такі скамечаны, сціслы варыянт выбараў і менавіта ў летні час, калі будзе найменшая актыўнасць людзей. І калі, як ён лічыць, напэўна, і Расея яшчэ не выкараскаецца з праблемаў з каронавірусам. Тут ёсць вельмі сур’ёзны прагматычны разлік, аднак гэта ўсё можа не спрацаваць, таму што мы бачым з’яўленне новых гульцоў з боку Расеі.

І калі вы звярталі ўвагу на тых кандыдатаў абвешчаных, некаторыя з іх падаюць сябе лібераламі, некаторыя лібералы праўладныя, аднак гэта ўсе людзі, якія пракаталі сцежку ў Маскву. Напрыклад, Канапацкая не так даўно размясціла цудоўны калаж на сваёй старонцы з Фэйсбуку каля Крамля. Яна піша, што пасля цудоўных сустрэчаў яна дамаглася ад Расеі, што Расея не вызнае фальсіфікацыяў дыктатара Лукашэнкі.

Давайце прыгадаем яшчэ аднаго чалавека, я маю на ўвазе блогера Ціханоўскага, які праводзіць акцыі пад савецкімі чырвоным і расейскім сцягамі, аточаны добрым колам байцоў, выдатным фінансаваннем, які не хавае, што ў яго бізнес у Маскве і ён туды рэгулярна ездзіць, і як усё цудоўна.

Давайце паглядзім на спадара Цапкалу, які заўсёды быў такім інтэлектуалам-аналітыкам, шчыльна звязаным, ён заўжды казаў, з расейскімі лідарамі.

То бок што мы бачым? Нейкі паноптыкум, калі так проста казаць. І Аляксандр Лукашэнка, як вы сказалі, яшчэ далёкі ад дэмакратыі, на гэтым фоне выглядае больш пазітыўна.

РР: Атрымоўваецца так, што інспіраваныя Расеяй прадстаўнікі духу расейскага лезуць у Беларусь калі не праз дзверы, то праз акно. А адзіным абаронцам беларускай незалежнасці застаецца, як гэта не парадаксальна, Лукашэнка. Бо я не бачу на прасторы беларускага грамадства лідара, які б мог дэмакратычным законным шляхам прыйсці да ўлады.

– Нават тыя крытыкі вось гэтых кандыдатаў заяўляюць ім, што ж вы такія баязлівыя, што ж вы не кажаце пра абсіленне рэжыму, але ніхто не ўзнімае пытанне пагрозы расейскага імперыялізму. Выбачайце, нас год шантажуюць, нам пагражаюць. Глядзіце, якая інфармацыйная вайна ідзе, якія мэсэджы ідуць з расейскіх тэлеграм-каналаў, што яны нясуць. Пра тое, што дыктатар знішчае свой народ, трэба ўмяшацца і г.д. Але ніхто не кажа пра нацыянальныя інтарэсы беларусаў, нават з крытыкаў вось гэтых вось персонаў, якія вылучыліся ў кандыдаты ў прэзідэнты. То бок мы маем надзвычай складаную сітуацыю. І гэта сумна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя