У Беларусі — больш за 30,5 тыс. пацверджаных выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 30.572, памёр 171 чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ шэсць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 922, або на 3,1% (у папярэднія суткі было 969 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.
Ачунялі і выпісаныя 10.130 пацыентаў (+198 за суткі). Усяго праведзена 364.319 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — больш за 13,8 тыс. даследаванняў.
Міністэрства аховы здароўя зноў не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Брыфінгі для журналістаў міністэрства не праводзіць ўжо тры тыдні.
17 мая ў эфіры праграмы „Тыдзень” на тэлеканале СТВ дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка заявіў, што прыблізна 70% беларусаў хварэюць на каранавірусную інфекцыю ў бессімптомнай форме, г.зн. людзі не заўважаюць, што перахварэлі. „Мы чакаем, што, магчыма, антыцелы да COVID-19 ёсць у тых людзей, хто не падазраваў пра гэта”, — адзначыў Карпенка.
Дырэктар РНПЦ заявіў, што Беларусь — першая краіна ў СНД і ў найбліжэйшых рэгіёнах, дзе ў канцы сакавіка — пачатку красавіка „на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства вызначылі як магчымасць нарыхтоўкі, так і выкарыстання плазмы перахварэлых на каранавірус для лячэння пацыентаў з COVID-19”. У Літве і Польшчы, паводле яго слоў, такая тэхналогія масава не выкарыстоўваецца.
Карпенка паведаміў, што лячэнне плазмай у Беларусі атрымалі ўжо больш за 100 пацыентаў з COVID-19. На наступным тыдні плануецца пачаць даследаванні дзвюх тысяч рэгулярных донараў плазмы і крыві, гатовых да данацый, на наяўнасць у іх антыцелаў. Цяпер ідзе ўзгадненне гэтых планаў з Міністэрствам аховы здароўя, сказаў дырэктар РНПЦ.
Ён лічыць эфектыўным лячэнне плазмай пацыентаў з COVID-19. „Дапамагае. І мы натхнёныя, што вельмі шмат станоўчых эфектаў. Гэта стымулюе нас і натхняе на далейшую працу, размовы, пошук, прапаганду гэтай тэхналогіі”, — падкрэсліў кіраўнік РНПЦ.
Нарыхтоўка плазмы, паводле яго слоў, арганізаваная ў Мінску, на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы, і ва ўсіх абласцях. Выкарыстоўваецца пры лячэнні пацыентаў прыкладна ў 100 гарадах па ўсёй Беларусі.
belapan.by