Не час для выбараў



Не час для выбараў. І гэта спрабуюць даказаць прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі – удзельнікі ўнутрыпалітычнага праймерыз. З-за каронавірусу праймерыз прыпыніўся, адзінага кандыдата не будзе.

За тое трое кандыдатаў Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова і Юрась Губарэвіч – падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Подпісы яны збіраць не будуць, але маюць магчымасць расказаць пра асаблівасці беларускіх выбараў на фоне каронавірусу. Кажа палітык Юрась Губарэвіч:

– Гэта будуць напэўна самыя стэрыльныя выбары за 25-ць гадоў кіравання Лукашэнкі, найвышэйшай кропкі імітацыі дасягне сам працэс. Калі раней можна было казаць пра нейкае спаборніцтва на розных этапах, пасля пра фальсіфікацыі падчас падліку, то тут улада будзе кантраляваць сітуацыю ад самага пачатку.

Удзельнікі праймерыз пачалі кампанію за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, сумленныя выбары і сістэмныя рэформы для новай Беларусі. Кажа Вольга Кавалькова, якая таксама спасылаецца на тое, што выбары на фоне каронавірусу – адмысловы план уладаў:

– Каб у самы пік пандэміі, калі актыўнасць людзей нізкая, проста правесці вось гэтую працэдуру. Канешне ж ні пра якія роўныя ўмовы для кандыдатаў не можа ісці гаворкі. Таму мы выступаем за перанос даты выбараў на больш бяспечны час, пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах, бо людзі ўжо стаміліся. Колькі можна? Трэба аддаваць краіну маладым, актыўным людзям, прафесійным, якія хочуць яе развіцця.

Удзельнікі экс-праймерыз Юрый Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова, нягледзячы на тое, што афіцыйна адмовіліся ад удзелу ў выбарах, усё ж вырашылі падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Іх група налічвае 110 чалавек. Выбары пройдуць 9 жніўня. Збор подпісаў пройдзе з 21 траўня па 19 чэрвеня.

Беларускае Радыё Рацыя