Макей не чакае рэзкага паляпшэння стасункаў з ЕЗ



Уладзімір Макей не чакае рэзкага паляпшэння стасункаў з Еўропай, нягледзячы на саміт у Менску. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі заявіў у гутарцы з журналістамі.

–  Мы занялі пазіцыю Украіны не таму, што хочам спадабацца Еўропе, каб яна нас палюбіла і адразу нармалізаваліся нашыя дачыненні. Мы разумеем, што ёсць пэўныя праблемы ў стасунках з Еўропай. Але наша пазіцыя па Украіне не мае ніякага дачынення. Гаворка ідзе пра тое, што наша пазіцыя па Украіне дазволіла Еўропе зразумець, што ў нас ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, што мы імі кіруемся.

Хаця дынаміка ўзаемадачыненняў ЕЗ і Беларусі стане больш пазітыўнай дзякуючы беларускай пазіцыі па Украіне, як кажа дыпламат:

–  Радыкальнага паляпшэння дачыненняў з Еўропай мы не чакаем. Але зразумела, што наша пазіцыя па Украіне дазваляе Еўропе лепш зразумець Беларусь. І гэта прывядзе да таго, што ў нашых стасунках будзе ўзнікаць больш пазітыўная атмасфера.

Паводле Уладзіміра Макея, цягам бліжэйшага часу Менск наведае шэраг еўрапейскіх палітыкаў, сам Макей таксама зробіць візіты ў еўрапейскія краіны.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by