Толькі 5% беларускіх турыстаў могуць рэальна вярнуць грошы за пуцёўкі
Адначасовае патрабаванне спажыўцоў вярнуць грошы за пуцёўкі з прычыны абмежаванняў, выкліканых пандэміяй каронавірусу, прывядзе да банкруцтва ўсёй галіны, заяўляюць у Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый.
У сферы турызму Беларусі занята блізу 5,5 тысяч чалавек. За мінулы год экспарт паслуг перавысіў 265 млн даляраў. «Пры банкруцтве беларускіх турфірмаў усе грошы спажыўцоў і кампаній застануцца за мяжой, у пастаўшчыкоў паслуг. Вярнуць іх з-за мяжы будзе нерэальна», – гаворыцца ў паведамленні на сайце саюзу.
На задавальненне пазоваў можа разлічваць ня больш як 5% турыстаў, лічаць у арганізацыі. Таму прапануюць заканадаўча замацаваць магчымасць пераносу аплачаных паездак да 31 снежня 2021 года, піша «Свабода».
Пачынаючы ад сярэдзіны сакавіка, беларускія тураператары спынілі продаж усіх тураў у сегментах уязнога, унутранага і выязнога турызму. Ажыццяўленне любой дзейнасці стала немагчымым, у тым ліку што тычыцца вяртання грошай за скасаваныя туры.
«Пастаўшчыкі гатовыя адтэрмінаваць выкананне абавязанняў да 31 снежня 2021-га, а некаторыя і на год пазней. У той жа час заканадаўства Беларусі патрабуе вяртання сродкаў ад турфірмаў проста цяпер, у тым ліку праз арышт рахункаў і актываў, тым самым не даючы турфірмам выйсці з крызісу», – падкрэсліваюць у арганізацыі.
Беларускае Радыё Рацыя