Развітанне з Юрыем Зісерам адбудзецца ў вузкім коле
Развітанне з заснавальнікам і кіраўніком інфармацыйна — аналітычнага парталу TUT.BY Юрыем Зісерам, які памёр ва ўзросце 59 гадоў ад анкалагічнага захворвання, адбудзецца ў вузкім коле з прычыны пандэміі каронавірусу COVID-19. Так пажадалі радныя і блізкія Юрыя Зісера.
Па словах галоўнага рэдактару TUT.BY Марыны Золатавай, канешне, хацелася, каб развітацца з Юрыем Зісерам мела магчымасць як мага большая колькасць людзей:
– Ён шмат для каго зрабіў добрыя рэчы, шмат хто можа быць яму ўдзячны. Нам увесь час прыходзяць лісты ад людзей, якія спачуваюць. Сёння прыйшло такое вельмі кранальнае пісьмо з пінскай школы мастацтваў, якая выказала свае спачуванні і напісала, што дзякуючы Юрыю Зісеру ў іхняй школы ёсць арганы – гэта вельмі кранула. Вельмі шмат людзей хочуць развітацца з Юрыем, але падчас пандэміі зрабіць такое публічнае мерапрыемства немагчыма.
Тым больш і пажаданне сям’і трэба паважаць, — падкрэслівае Марына Золатава. Пасля, калі скончыцца пандэмія, ужо можна будзе правесці публічнае мемарыяльнае мерапрыемства. Паколькі Юрый Зісер вельмі любіў музыку, то яно будзе, хутчэй за ўсё, музычным.
Цяпер можна пакласці кветкі каля часовага мемарыяльнага кутка, які ўсталяваны на першым паверсе офіснага цэнтру, дзе знаходзіцца рэдакцыя TUT.BY, на праспекце Дзяржынскага, 57 у Менску, — сказала Марына Золатава.
Крэміруюць Юрыя Зісера ў Менску 19 траўня.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя