Музей у Залессі…



Спадарства, ці не схадзіць нам у музей? Дзіўнае пытанне для вёскі?

Зусім не. Па-першае, у няпростыя часы многія музеі свету ладзяць экскурсіі онлайн… Па-другое, музей-сядзіба М. К. Агінскага паспяхова працуе не першы год і ладзіць процьму больш ці менш цікавых мерапрыемстваў. Бадай, “Ноч музеяў” была па-за канкурэнцыяй: атмасфера шыкоўнага травеньскага вечара, што плаўна пераходзіў у ноч, вабіла ў Залессе шматлікіх гасцей. Аматары старасвецкіх раўтаў, бальных танцаў і музыкі Агінскага зляталіся, быццам матылі на агонь ліхтара… І ў гэтым годзе, пэўна ж, думалі аматары сустрэч у Паўночных Афінах – ехаць або не? Карантыну ў Беларусі няма, але тусоўкі рознага плану перасталі быць бяспечнымі і… прыемнымі! І калі пальчаткі яшчэ выглядаюць дарэчы ў палацавых інтэр’ерах, то маскі і антысептык – занадта арыгінальнае ноў-хаў, праўда?

Халоднае надвор’е і самі музейшчыкі развеялі сумневы аматараў тусавацца ў Залессі: усе мерапрыемствы перайшлі ў віртуальны фармат. Абнавіўся ютуб-канал музея-сядзібы.

Ужо з 18 красавіка музей паведаміў на сваім сайце пра новы графік працы: цяпер Залессе прымае турыстаў толькі па суботах і нядзелях з 9 да 18 гадзін, і гэта вымушаны крок. Усё змянілася ў сувязі “са зменай турыстычнага патоку”… Мясцовая кавярня са смачнымі круасанамі не працуе з 10 красавіка. Так і павінна быць. Улады могуць абвяшчаць або не абвяшчаць каранцін, але нельга прымусіць людзей рызыкаваць сваім здароўем і хадзіць па музеях… Хопіць ужо таго, што амаль усе беларусы цягаюцца на працу, не маючы магчымасці застацца дома і атрымаць хоць нейкую фінансавую кампенсацыю.

Нават з маральнай кампенсацыяй у нас усё няпроста. Захварэў? Сам вінаваты! Памёр? Што ж зробіш?! Дзіўнае пытанне для Беларусі. Усе паміраюць – усіх не зберажэш і не пратэстуеш. Краіна-музей… Не пратэстуе. Заказнік савецкіх страхаў і прымхаў.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ