Хто пойдзе “да канца”?
Адвыклі мы тут, у Беларусі, зусім ад выбараў, здзічэлі, засумавалі па магчымасці нешта перамяніць. І з рознай ступенню зайздрасці глядзім у бок суседзяў – паўночных, паўднёвых, заходніх. Праўда, не заўсёды ад тых пераменаў у сумежных дзяржавах пазітыўныя ўражанні і адчуванні, а ўсё роўна зайздросцім. Такі вось парадокс. Толькі ўсходнім суседзям не зайздросцім – там права выбару няма яшчэ з часу Івана Жахлівага, там ужо пяць стагоддзяў без істотных пераменаў.
2020 год з яго пандэміяй COVID-19 паламаў сцэнары розным палітычным кампаніям у свеце. Вось і ў Польшчы незразумела калі і як пройдуць чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія меліся прайсці ў траўні. У асаблівых умовах напэўна пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Амерыцы. У Ізраілі ў выніку палітычных дыскусій і баталій больш году ўзгаднялі прызначэнне ўраду. Вось як ускладняюць дэмакратычныя механізмы, а таксама новыя рэаліі жыццё народаў.
І толькі ў Беларусі ўсё прадказальна і вызначана загадзя. Як сказаў бы адзін кінагерой, па простасці гэта нагадвае антычнасць. Праходзяць чатыры ці пяць гадоў і на авансцэну выходзіць вечная служыцельніца палітычнай Мельпамены Лідзія Ярмошына. Яна абвяшчае чарговыя “вырабы” з загадзя вызначаным сцэнаром і нязменным пераможцам. Пасля гэтага на арэне з’яўляецца група актораў і уяўных “гладыятараў”, якія заяўляюць, што пойдуць калідорамі гэтага тэатральнага Калізея “да канца”. Цікава, ці задумваюцца яны, што ісці “да канца” у нашай сітуацыі – гэта які мінімум ісці ў турму і на катаванні, як здарылася гэта ў 2006 годзе з Аляксандрам Казуліным, ці ў 2010 годзе з цэлым шэрагам кандыдатаў, сярод якіх вылучаліся дзве надзвычай моцныя фігуры – Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў. Абодвух ледзь не забілі тады…
Сёлета чарговыя “вырабы” былі абвешчаны ў асаблівым рэжыме – на фармаванне ініцыятыўных груп быў адведзены мізэрны час. Праўда, гэта не так ужо істотна, паколькі збіраць галасы ў сітуацыі эпідэміі, якая яшчэ далёкая да згасання, пойдуць толькі рэдкія фанатыкі ці вельмі наіўныя людзі. Нямногія жыхары адкрыюць ім дзверы сваіх дамоў і кватэраў. Рэальна сабраць ажно 100 тысяч ня ў змозе ніхто, уключна з нязменным начальнікам дзяржавы. Ну, яму то канешне намалююць гэтыя сто тысяч, хоць зрэшты і гэта непатрэбна. Фармальнасці можна выканаць і не выконваючы іх, а проста абвесціўшы, што яны выкананы. Ніхто ж нічога не ўбачыць і нічога не праверыць. Так, зафіксуецца дзясятак парушэнняў, напішацца пару скаргаў ды адозваў да міжнародных структур. Прадстаўнікі гэтых міжнародных структур пахітаюць галавой і скажуць далей даказваць нетранспарэнтнасць і непразрыстасць выбараў у Беларусі. Хоць пры нармальным падыходзе легітымнасць гэтай улады нельга прызнаваць, пачынаючы ўжо як мінімум з 1999 года. Чаму праз кожныя чатыры ці пяць гадоў гэта трэба даказваць наноў – зразумець цяжка. Гэта як перыядычна назіраць за згвалтаваннем, дэталёва фіксуючы як яно прайшло – звычайна, цынічна ці ў асабліва вычварэнскіх формах.
Найбольш ціха і трывіяльна было ў кампаніях 2001-га і 2015-га гадоў. Гэта менавіта тады, калі ніхто з альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты нават не паспрабаваў нейкім чынам паламаць зацверджаны ў менскім “чырвоным доме” сцэнар. А людзі разумелі, што няма за каго выходзіць на Плошчу. Гэты досвед і пастараецца скарыстаць дружына нязменнага “гаранта стабільнасці”. Ужо “адфільтраваныя” патэнцыйныя кандыдаты пратэсту, якіх не выпусцяць на стадыю нават збору подпісаў. Характарызаваць іншых прэтэндэнтаў пакуль ня варта. Ужо вядома, што пад нумарам адзін традыцыйна зарэгістраваны “адзіны і вечны”, пад нумарам два – надзейны спарынг-партнэр, нашчадны прынц так званай Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Яе шматколькасных членаў ніхто ніколі не бачыў у твар, акрамя кіраўніка. Але, мабыць, дзесьці яны ёсць. Выпаўзла нечакана і парачка новых і досыць незвычайных фігураў – цяпер невялікая інтрыжка – ці зарэгіструюць іх ініцыятыўныя групы. Хутчэй усяго зарэгіструюць – тады і пагаворым.
Уладзімір Хільмановіч