Аляксандр Ярашук: Гэтая ўлада надакучыла многім
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук выказаўся, чаму падчас гэтай выбарчай кампаніі так шмат птэтэндэнтаў падалі заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.
Нагадаем, што ў Цэнтрвыбаркам падалі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп аж 55 прэтэндэнтаў. Праўда, некаторым ужо адмовілі ў рэгістрацыі, але лічба, шчыра кажучы, уражвае.
Аляксандр Ярашук: Напэўна, ніхто не чакаў, што будзе столькі прэтэндэнтаў, але варта адзначыць, што большая частка з тых, хто падаваў дакументы на рэгістрацыю, ніякіх сур’ёзных мэтаў перад сабой не ставілі і вялікіх перспектыў не бачаць. Проста хочуць выкарыстаць гэты час, каб пацвердзіць сваё імя ці набыць яго. Такі своеасаблівы піяр.
Але ёсць людзі, якія сур’ёзна ставяцца да гэтай кампаніі, і хочуць з гэтага атрымаць пэўныя дывідэнды. Безумоўна, маюцца і спойлеры, але ў сукупнасці, калі падводзіць пэўную рысу, то велізарную актыўнасць можна патлумачыць тым, што так ці інакш, але ў грамадстве ёсць попыт на перамены. Гэтая ўлада надакучыла многім.
РР: На ваш погляд, якая роля тут адведзена “цяжкавагавікам” – былому кіраўніку Парка высокіх тэхналогій Валерыю Цапкале і банкіру Віктару Бабарыку?
Аляксандр Ярашук: Яны ў пэўным сэнсе прадстаўнікі наменклатуры і, натуральна, гэта сведчыць пра тое, што маюцца зрухі і ў гэтай частцы грамадства. Яны, калі і не носяць тэктанічны характар, то нейкія працэсы ў наменклатурным асяродку ўсё-такі адбываюцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя