Менгарвыканкам: На менскіх сметніках бяздомныя не жывуць, гэта – работнікі
У сталіцы няма праблемы пражывання так званых бамжоў на гарадскіх сметніках, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Уладзімір Лебедзь:
– Бамжоў на сметніках няма, ёсць працаўнікі. Туды прыходзяць працаваць сем’ямі, заключаюць дамову разавую на адзін дзень. Людзі выбіраюць, сартуюць пэт-бутэльку, макулатуру, пластык і адразу ж здаюць яе. І атрымліваюць за гэта грошы ў той жа самы дзень. На заўтра, калі яны не захацелі, у іх ёсць іншая праца, яны не прыходзяць. Яны могуць прыходзіць кожны дзень, гэта праца як праца.
Колькі зараз у Беларусі беспрытульных людзей, ніхто не ведае, як кажуць праваабаронцы, афіцыйная сістэма падліку не ўлічвае важныя фактары. Паводле дзяржаўнай статыстыкі, колькасць людзей без сталага жытла – каля 5 тысяч чалавек. Менскія сметнікі сапраўды былі і месцам пражывання многіх з іх, і крыніцай даходу, зараз, калі верыць чыноўнікам, сітуацыя ўзятая пад кантроль дзяржавай.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя