«Высокае мастацтва»



Часта сярод гарачых аматараў мастацтва можна знайсці такога чалавека, які будзе вылучацца асабліва вытанчаным і арыгінальным густам. Гаворка ідзе пра прыхільнікаў твораў розных відаў і жанраў, якія, мякка кажучы, не ўпісваюцца ў звыклае паняцце «папулярны». Мне нядаўна давялося сутыкнуцца з маладым чалавекам, які сцвярджаў, што «усе гэтыя вашы моцарты, бетховены, шапэны» тварылі для людзей абмежаваных, няздольных чытаць (у дадзеным выпадку – чуць), паміж радкоў. А ёсць музыка для абраных, так бы мовіць высокаінтэлектуальных, прыхільнікаў.

На просьбу прывесці прыклад, мой суразмоўца адмахнуўся – маўляў, іх прозвішчы не на слыху. Праводжу паралель з гісторыяй, якую мне распавёў мой тата: пачатак васьмідзясятых, мой бацька – студэнт Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя Луначарскага, факультэт «Фартэпіяна». Сярод аднагрупнікаў вылучаецца дзяўчына Таццяна, якая знаходзіцца ў апазіцыі да ўсіх астатніх студэнтаў. «Усе гэтыя вашы моцарты, бетховены, шапэны – махровая папса. Затое я – прыхільніца інтэлектуальнай музыкі, прынамсі, Карлхайнца Штакхаўзэна ». Што ж, выдатны выбар. Нямецкі кампазітар. Геніяльны і супярэчлівы. Усё б нармальна, але дзяўчына гэтая так далёка зайшла ў сваім пыху і пагардзе да таварышаў па вучобе, што апошнім нічога не заставалася, як гэтак жа высокаінтэлектуальна над ёй паздзекавацца.

Група сабатажнікаў на чале з маім бацькам збіраецца ў прыбіральні інтэрната, узброіўшыся магнітафонам, свістком і накрыўкамі ад рондаляў. Такая сабе студыя гуказапісу. І пачынаюць тварыць: рыкае зліўны бачок, грукае адна аб адну накрыўка, віскоча свісток, на ўсё гэта накладваецца незразумелы гук, які выдаецца не тое горлам, не тое…

Шэдэўр гатовы. Са змоўніцкім выглядам Таццяне перадаецца касета з творам аднаго геніяльнага еўрапейскага кампазітара, вядомага ў вузкіх інтэлектуальных колах. Касету прывёз у Менск вельмі сакрэтны беларускі дзеяч. Нікому не расказваць! Таццяна б’ецца ў экстазе, інтэлектуальны ўзровень студэнткі зашкальвае. У выніку, яна так і не пазнала праўды. Затое жыла з думкай, што дакранулася да высокага мастацтва. Мараль: мастацтва – не для абраных. Пры ўсёй павазе да Штакхаўзэна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ