Еўракамісар Вархей: Беларусь мяняе падыход да адносін з Еўразвязам



З-за крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19, Беларусь мяняе падыход да адносін з ЕЗ. Пра гэта заявіў еўракамісар па пытаннях суседства і пашырэння Олівер Вархей 19 мая на слуханнях у камітэце Еўрапарламента па замежных справах. Відэазапіс мерапрыемства апублікаваны на сайце Еўрапарламента.

„Цяпер у Беларусі з`явілася ўнікальная магчымасць, — сказаў Вархей. — З-за выкліканага COVID-19 крызісу мы бачым узнікненне зусім іншага падыходу ў краіне ў дачыненні да ЕЗ. Урад працуе з намі, у нас ужо было некалькі кантактаў”.

Ён адзначыў, што Беларусь звярнулася да ЕЗ з просьбай аб макрафінансавай дапамозе для барацьбы з эканамічнымі наступствамі пандэміі каронавіруса. „Мы стараемся дапамагчы, — сказаў Вархей. — На жаль, яны пакуль не змаглі дамовіцца з МВФ аб дапамозе. Гэта для нас адна з абавязковых перадумоў для выдзялення дапамогі. Але як толькі дамовяцца і як толькі мы дамовімся аб канкрэтных умовах, тады мы, вядома ж, неадкладна дадзім макрафінансавую дапамогу. І я лічу, што гэта гістарычная магчымасць паспрабаваць стварыць станоўчы імпульс у нашых адносінах”.

Вархей нагадаў, што для краін Усходняга партнёрства ЕЗ выдзеліў 80 млн еўра на неадкладныя патрэбы сістэмы аховы здароўя і больш як 883 млн еўра на падтрымку сацыяльна-эканамічнага аднаўлення, галоўным чынам дзяржаўнага сектара і малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Акрамя таго, да канца месяца паступяць сродкі індывідуальнай абароны, закупленыя СААЗ на сродкі Еўрасаюза ў рамках спецыяльнай праграмы на 30 млн еўра для краін Усходняга партнёрства па падтрымцы сістэм аховы здароўя.

„Улічваючы крытычную сітуацыю і чаканыя цяжкія наступствы для сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, гэта момант для праявы салідарнасці і супрацоўніцтва. Мы хутка адрэагавалі на выдзяленне дапамогі нашым партнёрам”, — сказаў Вархей.

belapan.by