“Нашэнне намёткі” – абрад-абярэг на Глыбоччыне



Зараз мы перажываем часы пандэміі. З эпідэміямі чумы, халеры ды іншых хваробаў нашыя людзі сустракаліся не адзін раз у сваёй гісторыі. Беларускі народ усялякімі спосабамі стараўся абараніцца, каб не захварэць і выжыць.

У вёсках на Глыбоччыне, напрыклад, людзі падчас эпідэмій ткалі  абыдзённік – белае палатно – і абносілі ім вёскі, чытаючы малітвы. Гэты абрад, які называецца “нашэнне намёткі”, захаваўся і да гэтай пары ў вёсцы Папшычы і звычайна ладзіцца на каталіцкае свята – Спасланне духа святога. Сёлета яно адзначаецца 31 траўня.

Як кажа гісторык, магістр гістарычных навук Дзяніс Філіпчык, які займаўся вывучэннем гэтага абраду, абрад “нашэння намёткі” адносіцца да катэгорыі абыдзённага і аказіянальнага.

– Гэта азначае, што да яго звярталіся толькі ў выпадку неабходнасці перад выклікам нейкай небяспекі. Але ў некаторых выпадках з такога аказіянальнага, выпадковага, канкрэтнага абраду ён пераўтвараўся ў штогадовы, калі яго праводзілі штогод, каб пацвердзіць вось гэта ўратаванне, каб аддзячыць вышэйшыя сілы, якія захавалі лакальную супольнасць ці вёску ад нейкай бяды. Так атрымалася і ў Папшычах. Вось у гэтым яго асаблівасць. І таму ён дайшоў да нашых дзён.

На жаль, апошнім часам каталіцкія святары ўнеслі некаторыя змены ў правядзенне гэтага абраду. Яны забаранілі несці абыдзённік – белае палатно – праз усю вёску і праносіць яго над дзецьмі. Гэтым, на думку Дзяніса Філіпчыка, яны парушылі аўтэнтычнасць абраду.

Як кажа гісторык, гэта тое самае, што адбіць адну вежу з Мірскага замка. І калі там змены кантралюе  дзяржава, то нашу жывую нематэрыяльную спадчыну вельмі складана пракантраляваць і ацаніць, што і як адбываецца.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Таццяна Смоткіна,  Беларускае Радыё Рацыя