Пра краіну Лімонію



У Беларусі – не ЦВК, а нейкі гумарыстычны “Аншлаг”. Толькі ў галоўнай ролі не вядучая і заснавальніца юмарыстычнай праграмы Рэгіна Дубавіцкая, а Лідзія Міхайлаўна Ярмошына. Ёй бы не старшынькай Цэнтрвыбаркама быць, а разам з петрасянамі выступаць і распавядаць пра “краіну Лімонію і вёску Петрасянію”. Яна б тады шкоды беларусам нанесла нашмат меней. А пакуль што яе спробы жартаваць пры адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп – гэта як танцы на касцях. Напрыклад, яна абмяркоўвала спісы ініцыятыўнай групы жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч і сказала: “Баюся, увечары Марыну Адамовіч чакае сямейная сцэна!” Як заўважылі інтэрнэт-карыстальнікі, “затое Ярмошыну дома ніхто не чакае”.

Наконт іншай прэтэндэнткі – Жанны Раманоўскай – Лідзія Ярмошына таксама паспрабавала пажартаваць. Маўляў, “мілая жанчына. Мы яе пазбавілі галоўнага – яна хацела трапіць на тэлебачанне”. Пра “кандыдатаў пратэсту”, якіх таксама збольшага не зарэгістравалі, Ярмошына сказала, што “магчыма, чальцы іхніх ініцыятыўных груп давалі згоду камусьці з трох дзясяткаў патэнцыйных кандыдатаў, але прэтэндэнты абменьваліся звесткамі людзей без іхняй згоды”. А яшчэ Лідзія Ярмошына заявіла, што адна кандыдатка хацела плюнуць у прыёмную, каб заразіць каронавірусам. Хаця з іншага боку, чаго так хвалюецца Лідзія Міхайлаўна: яе шэф сказаў, чым лячыць вірус. Так што, сто грам і трактар – і ніякага каронавірусу ў Лідзіі Міхайлаўны няма. Дарэчы, 19 траўня разглядзелі 23 заяўкі, а ўхвалілі толькі адну. Вось такія жарты ад ЦВК у нашай “краіне Лімоніі”.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ