Бабарыка: Я прабеларускі кандыдат і веру ў сваю перамогу на выбарах прэзідэнта



Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка назваў сябе „прабеларускім кандыдатам”. Ён заявіў, што ўпэўнены ў сваёй перамозе на выбарах прэзідэнта Беларусі. Аб удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі экс-банкір расказаў журналістам 20 траўня пасля таго, як Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты.

Паводле слоў Бабарыкі, „калі ты разумееш, чаму мы знаходзімся ў гэтым пункце, калі разумееш, што трэба рабіць, то застаецца маленькі крок — узяць на сябе адказнасць, каб увасобіць усё гэта ў жыццё”. „Мой сын сказаў выдатную фразу: „Ведаю цябе, ты ніколі сабе не даруеш, калі ты гэтага не зробіш”. Вось я, уласна, так і раблю. Я адчуваю адказнасць і адчуваю магчымасць гэта зрабіць”, — сказаў ён.

Характарызуючы тое, які ён кандыдат, былы кіраўнік банка заявіў: „З майго пункту гледжання, адказ заўсёды ў любога кандыдата ў прэзідэнты павінен быць адзін, у мяне ён такі ж. Я прабеларускі кандыдат, у мяне іншага адказу няма”.

„Я не збіраюся ні з кім ваяваць, я не іду на вайну, я іду на выбары, — падкрэсліў Бабарыка. —Я не думаю, што перамогу на выбарах, калі яна будзе, а я веру, што яна будзе, неабходна будзе перад кімсьці адстойваць. Мы жывем у дастаткова (няхай яна і здаецца недэмакратычнай) добрай, спакойнай краіне, дзе пры правільнай арганізацыі працы воля народа заўсёды можа быць пачутая”.

На пытанне, ці сапраўды ён лічыць, што выбары не фальсіфікуюць, экс-банкір адказаў: „Я лічу, што любыя выбары — гэта выяўленне волі народа. Волю народа фальсіфікаваць немагчыма”.

20 траўня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты. У ёй 8.905 чалавек, і гэта найбольшая па колькасці ініцыятыўная група сярод груп усіх прэтэндэнтаў на ролю кандыдатаў у прэзідэнты, за выключэннем дзейнага кіраўніка дзяржавы. У ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі 11 тыс. чалавек.

Этап збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты стартуе 21 мая. Выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня.

belapan.by

Фота officelife.media