Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 32.426



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 32.426, памерла 179 чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 918, або на 2,9% (у папярэднія суткі было 936 новых выпадкаў і чатыры смерці). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 11.415 пацыентаў (+795 за суткі). Усяго праведзена 387.673 тэсты на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — больш як 12,6 тыс. даследаванняў.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Брыфінгі для журналістаў міністэрства не праводзіць ужо чацвёрты тыдзень.

17 траўня ў эфіры праграмы „Тыдзень” на тэлеканале СТВ дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка заявіў, што прыблізна 70% беларусаў хварэюць на каранавірусную інфекцыю ў бессімптомнай форме, г.зн. людзі не заўважаюць, што перахварэлі. „Мы чакаем, што, магчыма, антыцелы да COVID-19 ёсць у тых людзей, хто не падазраваў пра гэта”, — адзначыў Карпенка.

Дырэктар РНПЦ заявіў, што Беларусь — першая краіна ў СНД і ў найбліжэйшых рэгіёнах, дзе ў канцы сакавіка — пачатку красавіка „на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства вызначылі як магчымасць нарыхтоўкі, так і выкарыстання плазмы перахварэлых на каранавірус для лячэння пацыентаў з COVID-19”. У Літве і Польшчы, паводле яго слоў, такая тэхналогія масава не выкарыстоўваецца.

Карпенка паведаміў, што лячэнне плазмай у Беларусі атрымалі ўжо больш за 100 пацыентаў з COVID-19. На наступным тыдні плануецца пачаць даследаванні дзвюх тысяч рэгулярных донараў плазмы і крыві, гатовых да данацый, на наяўнасць у іх антыцелаў. Цяпер ідзе ўзгадненне гэтых планаў з Міністэрствам аховы здароўя, сказаў дырэктар РНПЦ.

Ён лічыць эфектыўным лячэнне плазмай пацыентаў з COVID-19. „Дапамагае. І мы натхнёныя, што вельмі шмат станоўчых эфектаў. Гэта стымулюе нас і натхняе на далейшую працу, размовы, пошук, прапаганду гэтай тэхналогіі”, — падкрэсліў кіраўнік РНПЦ.

belapan.by