У Брусэлі адбылася акцыя ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі



У Брусэлі перад будынкам Еўрапейскай камісіі прайшла акцыя ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая ад мінулага году знаходзіцца ў расейскай турме і ўжо шэсцьдзесят другі дзень вядзе галадоўку пратэсту.

Акцыю зладзілі ўкраінцы Бельгіі.

“Мы хочам такім чынам звярнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў на сітуацыю ўкраінцаў, якія апынуліся ў расейскім палоне”, – кажа арганізатар акцыі Ганна Яворска.

Мы патрабавалі неадкладнага вызвалення Надзеі Саўчанкі ды іншых украінскіх вязняў, якіх незаконна трымаюць у Расеі.

Украінская афіцэр Надзея Саўчанка абвінавачваюць у датычнасці да забойства двух расейскіх журналістаў, якія загінулі ў чэрвені ў Данбасе.

Учора Басманны суд Масквы працягнуў арышт украінскай лётчыцы да 13 траўня. Лётчыцу ўтрымліваюць у маскоўскім СІЗА.

***

У Брусэлі сёння адбудзецца акцыя ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая ад мінулага году знаходзіцца ў расейскай турме і ўжо 62-гі дзень вядзе галадоўку пратэсту. Акцыю ладзяць украінцы Бельгіі, да іх далучыліся актывісты Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання, – кажа Зміцер Піменаў.

– За кожнае жыццё чалавека, які змагаецца за свабоду, трэба змагацца. А тое, што мы бачым, тую мужнасць, якую праяўляе Надзея Саўчанка, гэта павінна натхняць кожнага сумленнага чалавека, кожны сумленны чалавек павінен быць такім рашучым, такім смелым у змаганні за праўду. Таму гэта наш абавязак, наша сумленне ў тым, каб падтрымаць такіх смелых людзей, якія змагаюцца за радзіму.

Афіцэр украінскай арміі Надзея Саўчанка гвалтоўна ўтрымліваецца ў Расеі пасля выкрадання ў чэрвені ў раёне Луганска. Учора Басманны суд Масквы падоўжыў арышт украінскай лётчыцы да 13 траўня. З 15 снежня яна трымае галадоўку.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя