Украіна адчыняе межы з усімі суседзямі, акрамя Беларусі і Расеі
Кабінет міністраў Украіны пагадзіўся аднавіць працу 66 пунктаў пропуску на мяжы з Еўразвязам і Малдовай. З дакладам на гэтую тэму выступіў на пасяджэнні ўрада міністр унутраных спраў Арсен Авакаў.
«Рэалізацыя праекта дазволіць аднавіць паўнавартасны памежны рух на мяжы з Польшчай, Вугоршчынай, Славакіяй, Румыніяй і Малдовай», – цытуе hromadske словы чыноўніка. Межы будуць адчыненыя пасля апублікавання рашэння ўрада. Пры гэтым Украіна пакідае зачыненымі межы з Беларуссю і Расеяй. Гэта тлумачыцца эпідэміялагічнай сітуацыяй.
На працягу наступнага тыдня ва Украіне з абмежаваннямі дазволяць карыстацца метро, прыгарадным і грамадскім транспартам, пачнуць працу гатэлі, а таксама адновяцца спартовыя спаборніцтвы.
У Беларусі пакуль што фіксуецца штодня больш за 900 новых выпадкаў заражэння каронавірусам. Агульная колькасць захворванняў на COVID-19 склала 32 426 выпадкаў, 179 пацыентаў памерлі.
Беларускае Радыё Рацыя