БАТЭ зноў на вяршыні



Барысаўскі БАТЭ зноў упэўнена захапіў лідарства ў нацыянальным чэмпіянаце. Гэта стала яшчэ больш відавочным пасля сённяшняй вікторыі ранейшага флагмана над дзейсным чэмпіёнам – берасцейскім „Дынамам” на яго полі – 3:1.

Паядынак у Берасці адкрыў праграму 10 тура. У першым тайме дамінавалі госці. Гэта ўвасобілася ў класічны гол ад ведамай „салодкай парачкі” – Ігар Стасевіч выканаў корнер, а Станіслаў Драгун галавой даслаў мяч у браму берасцейцаў. Ішла 31-я хвіліна. Праўда, неўзабаве гаспадары адыграліся – Павел Савіцкі філігранным пасам знайшоў у штрафной пляцоўцы Арцёма Мілеўскага, а той майстэрскім стрэлам завяршыў эфектную камбінацыю гаспадароў поля – 1:1.

Але камандавая гульня БАТЭ ў гэты дзень была больш зладжаная. Гэта прывяло да голу Паўла Няхайчыка (у мінулым сезоне ён выступаў якраз за берасцейцаў!) на 74-й хвіліне. Перад гэтым з выгаднейшай пазіцыі схібіў Савіцкі. А на 80-й хвіліне індывідуальнае майстэрства выявіў легіянер БАТЭ Неманья Міліч, які выйшаў на замену – 3:1. Далей каманда Кірыла Альшэўскага ўжо ўпэўнена кантралявала сітуацыю.

БАТЭ захапіў лідарства ў турнірнай табліцы, набраўшы 22 ачкі. Незалежна ад вынікаў іншых матчаў туру барысаўскі клуб застанецца на першым месцы як мінімум да наступных матчаў. А наперадзе кубкавы фінал БАТЭ і берасцейскага „Дынама”. Матч пройдзе ўжо ў бліжэйшую нядзелю.

Беларускае Радыё Рацыя