У Гародні вырас попыт на лецішчы



Сезонныя змены продажаў на рынку гарадзенскай нерухомасці – норма, але сёлета на статыстыку паўплываў і каронавірус. Пазбяганне кантакту з людзьмі, а таксама рэзкае абмежаванне фінансавых магчымасцяў на некалькі месяцаў кардынальна знізілі пакупніцкую актыўнасць. Асабліва такая тэндэнцыя стала прыкметная ў красавіку. Агульная колькасць здзелак на рынку жылой нерухомасці, тыпавых кватэр, па дадзеных дзяржаўнага агенцтва, знізілася больш чым на 20%, што ўнесла свае карэктывы ў кошт памяшканняў. Цана ўпала на 5-10%, перадае «Гродна Плюс».

Па статыстыцы Гарадзенскага дзяржаўнага агенцтва нерухомасці, за 2019 год было праведзена 1972 здзелкі па куплі-продажы кватэр, гэта 150-160 здзелак за месяц. У сакавіку-красавіку 2020 года гэтая актыўнасць упала, аднак ужо зараз стан рынка нармалізуецца.

Характэрна, але сёлета па-сапраўднаму вырас попыт на загарадную нерухомасць – гэта лецішчы ці жылыя дамы. Вялікай папулярнасцю сёння карыстаюцца дачныя домікі, якія знаходзяцца непадалёк ад Гародні і каштуюць не больш за 10 тысяч даляраў у эквіваленце. Такая тэндэнцыя абумоўлена тым, што многія грамадзяне не змогуць правесці адпачынак у летнія месяцы за межамі Беларусі, а таму аддаюць перавагу адпачынку на прыродзе, і ў сваім дачным доміку.

Беларускае Радыё Рацыя