Пра маразм у медыцыне
Як той казаў, маразм мацнеў. Падчас пандэміі неабыякавыя беларусы кінуліся дапамагаць медыкам. У прынцыпе, як і ў іншых краінах. Не застаўся ў баку і бізнес. Яно і зразумела. Ва ўмовах, калі лякарні перапоўненыя, медыкам даводзіцца працаваць у вельмі цяжкіх умовах. Аднак беларуская сістэма зрабіла гэтыя ўмовы найцяжэйшымі.
Вось напрыклад, была цудоўная ініцыятыва «МакДональдса». Яны абсалютна бясплатна прадастаўлялі медыкам бясплатныя абедзенныя наборы. Было вельмі добра і зручна. Як гаварылі самі медыкі, калі цягам шасці гадзін развазіць у супрацьчумных касцюмах хворых на ковід, то заехаць на станцыю не паспяваеш і таму было выдатна заехаць і перакусіць. І ў прынцыпе, заслужылі. Аднак галоўны лекар станцыі хуткай дапамогі ў Менску забараніў супрацоўнікам хуткай заезд у «МакДональдс». Усе перасоўванні хуткай фіксуюцца праз GPS-трэкер. Больш за тое, заезд па бясплатныя абедзенныя комплексы будуць расцэньвацца як хабар і выкарыстанне аўто ў асабістых мэтах. Лепей бы ў іншым месцы карупцыю шукалі. А тое з’еў піражок – і стаў вялікім карупцыянерам.
І вось падаецца, што наўрад ці гэта галоўны лекар станцыі хуткай дапамогі вырашыў сам. Можа быць, хтосьці з профільнага Міністэрства намякнуў увесці такую забарону. А тое напрыдумвалі тут дапамагаць. Для гэтага БРСМ ёсць. І парламентарыі. А ўсе астатнія няхай нос не ў свае справы не суюць. А ўвогуле грошы нармальныя медыкам плаціць і надбаўкі, дык смеласці і жадання ў чыноўнікаў не хапае. Статыстыку даць нармальную таксама. А як забараніць штосьці медыкам – дык гэта, калі ласка.