COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Выязны канцэрт у Аўстраліі, дапамога Кітая для Бангладэш. Кінатэатры ў Польшчы могуць адчыніць неўзабаве. Пра што піша сусветная прэса ў чацвер?

Падрабязнасці даведаемся ў аглядзе сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча:

– Брытанскія вучоныя з Оксфарду і Брайтану пачалі даследаванне антымалярыйных лекаў у іх прымяненні да лячэння каронавірусу. Хларахін і гідроксіхларахін могуць быць эфектыўнымі для лячэння хваробы, пра гэта раней заяўляў прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп, але, як аказалася, яго словы не жарт і не спроба апраўдацца за бяздзейнасць на пачатку развіцця пандэміі. Вучоныя мяркуюць, што пэўная рацыя ў гэтым можа быць. Дзеля гэтага доследы пачынаюцца ў Еўропе, Афрыцы, Азіі і Паўднёвай Амерыцы. Лекі раздадзеныя медыкам, якія маюць непасрэдны кантакт з каронавіруснымі хворымі. Таксама ў схеме задзейнічана плацэба. Тры месяцы пакажуць, ці маюць антымалярыйныя лекі эфект пры барацьбе з новай хваробай, піша AFP. Вучоны Нікалас Ўайт, прадстаўнік групы, якая праводзіць доследы, прызнаўся, што пакуль навуковаму свету невядома нічога канкрэтнага пра ролю хларахіну ці гідроксіхларахіну ў змаганні з COVID-19. Але, прынамсі, гэтыя прэпараты маюць антызапальны эфект і зніжаюць гарачку. Адпаведна, ёсць шанцы, што яны дапамогуць у змаганні з каронавірусам.

А польскае выданне Super Express перадае ў чацвер словы міністра аховы здароўя краіны Лукаша Шумоўскага. Ужо пройдзеныя тры этапы з чатырох па зняцці абмежаванняў. Заключны, чацвёрты этап будзе прадугледжваць адкрыццё салонаў масажу, салярыяў, спартовых залаў, тэатраў і кінатэатраў. Натуральна, будзе гэта адбывацца ў новым санітарным рэжыме. Прычым у кіно, паводле словаў Шумоўскага, палякі трапяць яшчэ да вакацый. А ў ліпені-жніўні змогуць ехаць у адпачынак па краіне. Захоўваецца верагоднасць таго, што і ў ліпені не адчыняцца гатэлі, аднак Шумоўскі перакананы, што шанцаў на гэта няшмат. Хутчэй за ўсё гатэльны бізнэс таксама здолее выйсці на працу. Зараз вырашаецца пытанне, ці дазваляць летнія вакацыі ў форме лагераў і паходаў — пры такім масавым адпачынку падвышаецца рызыка заражэнняў.

Кітай прапанаваў накіраваць групу экспертаў, якая дапаможа Бангладэш змагацца з пандэміяй новага каронавірусу (COVID-19). У сераду кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін патэлефанаваў прэм’ер-міністарцы Бангладэш Шэйх Хасіне і абмеркаваў гэтае пытанне. Гэтую інфармацыю журналістам пацвердзіў прэс-сакратар прэм’ер-міністра Іхсанул Карым. „Мы гатовыя накіраваць у Бангладэш экспертную групу для прадухілення ўзнікнення новых выпадкаў каронавірусу, калі вы захочаце”, – сказаў Цзіньпін. „Мы заўсёды будзем побач з Бангладэш для яго эканамічнага ўздыму, а таксама будзем падтрымліваць краіну на міжнародным форуме”, – сказаў ён падчас размовы. Прэм’ер-міністарка падзякавала прэзідэнту Кітая за выказванне сімпатыі Бангладэш з нагоды сітуацыі з каронавірусам. Шэйх Хасіна яшчэ раз заклікала міжнародную супольнасць да сумеснай барацьбы з пандэміяй COVID-19, сказаў Іхсанул Карым. Яго словы цытуе выданне Banglanews24. На дадзены момант у Бангладэш зафіксавана 26 738 выпадкаў заражэння, 5 207 чалавек вылечыліся, 386 пацыентаў памерлі. Вялікую ролю ў заражэнні сыгралі мусульманскія службы і пахаванне аднаго з лідараў палітычнай праісламскай партыі, на якія, нягледзячы на каранцін, збіралася шмат людзей.

Незвычайны канцэрт адбыўся ў Сіднэі, Аўстралія. Людзі на аўтамабілях пад’ехалі да сцэны, на якой выступалі музыкі. Аўстралійскія СМІ апісваюць падзею, якая можа даць зразумець, як могуць выглядаць жывыя забавы ў бліжэйшыя месяцы, піша ВВС. На традыцыйных пляцоўках, якія могуць заставацца закрытымі на працягу некаторага часу, выканаўцы мяркуюць, што варта дазволіць гледачам назіраць за падзеямі са сваіх аўтамабіляў, і гэта можа дапамагчы захаваць творчыя індустрыі жывымі. Спявачка Кейсі Донаван выступала ў прамым эфіры пад моцным дажджом перад гледачамі, якія сядзелі ў сваіх аўтамабілях на паркоўцы спартовага цэнтра. Гледачы маглі слухаць, наладжваючы радыё, альбо апускаючы вокны ў машынах. Аўтамабілі павінны былі прыпаркавацца за два метры адзін ад аднаго з-за правілаў сацыяльнага дыстанцыявання. У канцы песень, каб паказаць сваю падзяку, яны выкарыстоўвалі шчоткі на лабавым шкле. Таксама было і плясканне ў далоні. У іншых аўстралійскіх гарадах цяпер плануецца правесці падобныя паказы камедый, балета і оперы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота reuters.com