Юры Чавусаў: У тэрытарыяльных камісіях няма прадстаўнікоў прэтэндэнтаў



15 ініцыятыўных груп ужо збіраюць подпісы за вылучэнне сваіх кандыдатаў на галоўную пасаду ў краіне – прэзідэнта. Ёсць тут ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, найбольшая, у яе складзе заяўлена 11 тысяч чалавек. Два кандыдаты – выхадцы з наменклатуры – Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала. Прадстаўнікі традыцыйнай апазіцыі – Капапацкая, Кавалькова, Губарэвіч, Казлоў, Дзмітрыеў, ды жонка блогера – Сяргея Ціханоўскага, якая падала дакументы замест мужа, паколькі той сядзеў на сутках за кратамі і адпаведна сам не мог падпісаць дакументы. І хоць ініцыятыўных груп багата, кажа палітычны аналітык Юры Чавусаў, не ўсе кампаніі развіваюцца па тых кроках, якія вядуць да электаральнай перамогі. Аналітык прыводзіць прыклад.

Калі мы паглядзім, як будуюцца гэтыя кампаніі, бачна, што, напрыклад, у выбарчыя камісіі гэтыя кандыдаты нікога не накіроўваюць. А гэта тыя камісіі, якія будуць правяраць подпісы. Ніхто не вылучаў, апроч двух апазіцыйных партыяў, гэта Партыя БНФ і Сацыял-дэмакратычная Грамада. Парадокс. Тыя струкутры, якія сваіх кандыдатаў не вылучаюць, яны вось накіравалі сваіх прадстаўнікоў у камісіі, а тыя палітычныя сілы, якія кандыдатаў вылучаюць, яны ў тэрытарыяльныя камісіі сваіх прадстаўнікоў не вылучылі. Такім чынам, падчас гэтай кампаніі людзі могуць скарыстаць трыбуну, якая даецца.

Для вылучэння кандыдатам на пасаду прэзідэнта ініцыятыўная група павінна сабраць 100 тысячаў подпісаў. Потым іх сапраўднымі павінны прызнаць ЦВК. Як заўважае эксперт, у беларускіх рэаліях – сабраць такую колькасць подпісаў з ініцыятыўнымі групамі у складзе якіх 100-200 чалавек – не рэальна.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belngo.info