Ці цікавыя грамадству выбары?
Палітык Павел Севярынец распавядае пра тое, ці зацікавіць людзей гэтая прэзідэнцкая кампанія.
Павел Севярынец: Cправа ў тым, што выбараў няма. У такім выпадку, пра які збор подпісаў і пра якую цікавасць грамадства наагул можа ісці размова? Наколькі я ведаю, “кандыдаты пратэсту” не збіраюць подпісы, каманда блогера Сяргея Ціханоўскана не плануе гэтага рабіць, як не цікавіць збор подпісаў і ўдзельнікаў праймерыз.
Таму ўсе нармальныя людзі разумеюць, што выбараў няма. Усе астатнія – на падтанцоўках ва ўлады.
РР: Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала таксама на “падтанцоўках”?
Павел Севярынец: І Бабарыка, і Цапкала, і Чэрачэнь з Дзмітрыевым… Гэта людзі, якія падыгрываюць рэжыму. Пры гэтым – у адкрытую.
Ужо гучаць заявы, што ў краіне падчас выбараў няма фальсіфікацый, што ў Беларусі не было і няма палітычных рэпрэсій. Таму мне абсалютна зразумела, што гэта спектакль уладаў. І людзі ж таксама не дурныя. Яны ўсё гэта разумеюць. Хаця не хаваю, што ёсць частка грамадства, якая рада падманвацца.
Відаць, за 26 гадоў яны так нічога і не зразумелі.
Таму нават не ведаю, як будуць збірацца подпісы, і як народ адгукнецца на гэтыя выбары. Пандэмія наагул усю гэтую кампанію накрыла саркафагам. Усе кажуць, што ў такіх умовах сабраць 100 тысяч подпісаў проста нерэальна.
Але мне сам удзел у гэтым спектаклі незразумела. Трэба было гэты сцэнар уладаў ламаць масавымі акцыямі, але з-за пандэміі мы не можам гэта зрабіць. Таму ў выбарах трэба проста не ўдзельнічаць. Калі людзі, якія не ўдзельнічаюць у спектаклі, зразумеюць, што іх большасць, то гэта нараджае сілу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя