Юры Чавусаў: Сітуацыя вакол блогера Ціханоўскага да канца невядомая



Сітуацыя вакол блогера Сяргея Ціханоўскага – не лагічная, кажа палітолаг. Пасля рэгістрацыі ініцыятыўных груп беларускія ўлады выпусцілі блогера Сяргея Ціханоўскага, якога раней асудзілі за парушэнне заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, агулам ён мусіў правесці за кратамі 45 дзён.

Палітолаг і праваабаронца Юры Чавусаў не выключае, хто Ціханоўскі адседзіць свае суткі ў зручны для уладаў час, хаця ўсё будзе залежаць ад яго паводзінаў падчас выбараў.

– Мы ж не ведаем, што там адбылося са спадаром Ціханоўскім за кратамі. Можа там нейкія застрашэнні, і атрымала вынік, што ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Паглядзім, як будзе весціся кампанія спадарыні Ціханоўскай. Там таксама ўсяго толькі 200 чалавек з нечым ініцыятыўная група, гэта не тая каманда, якая можа сабраць 100 тысяч подпісаў. Так подпісы не збіраюцца. Але паглядзім, ці будуць яны сапраўды праводзіць мітынгі і пікеты, на колькі гэта будуць радыкальныя акцыі. Пікеты па зборы подпісаў могуць збіраць і тысячы чалавек, мы бачылі такія выпадкі.

Цэнтравыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння жонкі блогера Святланы Ціханоўскай у якасці кандыдата ў прэзідэнты. А сам блогер – выступае кіраўніком яе выбарчай кампаніі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belngo.info