Аляксандр Мілінкевіч: Старая апазіцыя здала пазіцыі



Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што выбарчая кампанія 2020 года адбываецца ў даволі цяжкай сітуацыі.

Кажа Аляксандр Мілінкевіч:

– Краіна знаходзіцца ў палітычным, сацыяльным і маральным крызісе. Ёсць велізарная стомленасць ад самога Лукашэнкі. Пры тым яна і ў грамадстве відавочная, нават сярод старэйшага пакалення, і ў самой уладзе. Геапалітычная сітуацыя даволі складаная, таму што з Расеяй вядома якія адносіны, і Расея хацела б максімальнай інтэграцыі. Лукашэнка супраціўляецца, бо не хоча згубіць уладу. І з Еўропай напружаныя адносіны з-за беларускіх паводзінаў па каронавірусу – складаная сітуацыя. 

Палітык лічыць, што старая апазіцыя здала свае пазіцыі і пачалася іншая гульня:

– Спачатку думаў вельмі песімістычна пра іх, бо нішто не прадвяшчала цікавых спаборніцтваў, здавалася зноў будзе прызначэнне Лукашэнкі. Можа так і будзе, але тое, што пачалася цікавая гульня таму, што на жаль класічная апазіцыя здала пазіцыі і адыгрываць сур’ёзнай ролі не будзе, з’явіліся людзі з біяграфіяй, з дасягненнямі.

Ён мяркуе, што на фінішы беларусаў чакае двубой паміж Лукашэнкам і Бабарыкам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня